Logo Polskiego Radia
Print

Сусьветны банк: ВУП Беларусі ў 2017 г.вырасьце на 1,8%

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.10.2017 06:23
Аднаўленьню эканамічнага росту спрыяе аднаўленьне расейскай эканомікі, дзякуючы чаму стаў павялічвацца беларускі экспарт.
fot. glowimages.com

Згодна з абноўленым прагнозам Сусьветнага банка (СБ), валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2017 годзе вырасьце на 1,8%. У траўні СБ прагназаваў скарачэньне ВУП на 0,4%.

У кастрычніцкім макраэканамічным прагнозе, які прыводзіцца ў справаздачы "Міграцыя і мабільнасьць у Эўропе і Цэнтральнай Азіі" Сусьветнага банка, экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што аднаўленьню эканамічнага росту ў Беларусі ў 2017 годзе спрыяе аднаўленьне расейскай эканомікі, дзякуючы чаму стаў павялічвацца беларускі экспарт. "Чакаецца, што спрыяльныя вонкавыя ўмовы захаваюцца, падтрымліваючы ўмераны эканамічны рост на 1,8% у гадавым вылічэньні ў 2017 годзе і на 2,1% у 2018 годзе", — прагназуюць аналітыкі СБ.

Пры гэтым яны адзначаюць: паколькі структурныя праблемы ў беларускай эканоміцы захоўваюцца, патэнцыял для паскарэньня эканамічнага росту ў краіне абмежаваны. "Галоўная праблема для Беларусі ў тым, каб не трапіць у траекторыю нізкіх тэмпаў эканамічнага росту. Каб пазьбегнуць гэтага лёсу, вельмі важна павялічыць памер прыватнага сэктара, зьменшыць памер дзяржсэктара і ўмацаваць сыстэму сацыяльнай абароны насельніцтва для абароны найбольш уразьлівых сацыяльных груп у працэсе трансфармацыі эканомікі", — мяркуюць экспэрты.

Яны заўважаюць, што беларускія ўлады не адмаўляюць неабходнасьць гэтых зьмен, аднак "асобы, якія вызначаюць палітыку", разыходзяцца ў поглядах па пытаньні хуткасьці такіх рэформаў.

Эканамісты СБ таксама зьвяртаюць увагу на тое, што рост дзяржаўнага доўгу і дырэктыўная задача па павелічэньні даходаў насельніцтва ствараюць рызыкі для ўзьнікненьня дысбалансаў у будучыні — яны могуць пагражаць эканамічнаму росту ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

У студзені—верасьні 2017 года рост ВУП Беларусі склаў 1,7%. Афіцыйны прагноз ўрада прадугледжвае, што у 2018 годзе рост паскорыцца і эканоміка вырасьце на 3,4%. Разам з тым, згодна зь сярэднетэрміновым прагнозам СБ, эканамічны рост у Беларусі ў найбліжэйшыя гады будзе захоўвацца на ўзроўні 2% (2,1% — у 2018-м, 2,4% — у 2019-м). Сусьветны банк таксама чакае, што прафіцыт бюджэту ў 2017—2019 гадах складзе 1,9-2% ВУП, а дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый плацежнага балансу — 3,2-3,5% ВУП.

belapan.com/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт