Logo Polskiego Radia
Print

Летась беларусам было выдадзена больш за 600 брытанскіх віз для навучаньня

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 24.10.2017 15:26
У наступным годзе Кентскі ўнівэрсытэт у партнэрстве з Кембрыджскім распачне новае навукова-дасьледчае партнэрства з БДУ.
ЛёнданЛёнданpixabay.com/Public Domain CC0

У 2016 годзе беларусам было выдадзена больш за 600 віз для навучаньня ў Вялікабрытаніі, паведаміла кіраўнік брытанскага пасольства ў Беларусі Фіёна Гіб у інтэрвію агенцтву БелаПАН.

Яна ўдакладніла, што доўгатэрміновых віз было выдадзена больш за 100, кароткатэрміновых – больш за 500. Зьвестак за гэты год пакуль няма.
Паводле слоў кіраўніка дыпляматычнай місіі, штогод пасольства атрымлівае вялікую колькасьць заявак на ўдзел у стыпэндыяльнай праграме Chevening, якая фінансуецца МЗС Вялікабрытаніі й арганізацыямі-партнэрамі. Яна выдаецца ў асноўным на адзін год для атрыманьня магістарскай ступені ў брытанскіх ВНУ.

«Штогод атрымліваем больш за 100 заявак, адбіраюцца пяць-восем чалавек. Зараз у Вялікабрытаніі навучаюцца восем студэнтаў па гэтай праграме», – паведаміла Гіб.
Кажучы пра супрацоўніцтва ў сфэры адукацыі, яна адзначыла, што ў наступным годзе Кентскі ўнівэрсытэт у партнэрстве з Кембрыджскім унівэрсытэтам распачне новае чатырохгадовае навукова-дасьледчае партнэрства з БДУ.

«Гэта – адзін з прыкладаў супрацоўніцтва. У пасольства няма дастаткова сродкаў, каб стварыць нейкі свой праект. Мы можам падтрымліваць сувязі паміж унівэрсытэтамі, але працаваць над праектамі і разьвіваць супрацоўніцтва – гэта адказнасьць саміх навучальных устаноў», – падкрэсьліла Гіб.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт