Logo Polskiego Radia
Print

Зарплаты чыноўнікаў дзяржкіраваньня дэманструюць рэкордны рост

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.10.2017 14:36
Зарплата чыноўнікаў у верасьні перавысіла зарплату бюджэтнікаў у 1,7 разу, сярэднюю па краіне — у 1,3 разу.
Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

У Беларусі заработная плата чыноўнікаў дэманструе рэкордны рост. Паводле зьвестак Белстата, у верасьні гэтага года намінальная зарплата работнікаў у сфэры дзяржкіраваньня склала 1.084 рублі, тады як у верасьні мінулага — 790. Такім чынам, за год намінальная зарплата ў органах дзяржкіраваньня вырасла на 37%, рэальная — на 30,8%.

Гэта максімальны рост зарплаты сярод усіх відаў дзейнасьці ў краіне, пры тым што ўзровень заробкаў чыноўнікаў на 30,4% вышэйшы, чым у сярэднім па Беларусі.

Так, рэальная зарплата ў верасьні 2017 года да верасьня мінулага вырасла: на 19,4% — у машынабудаваньні, на 13% — у мэталюргіі, на 11% — у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы, на 10% — у авіяцыі.

У некаторых відах дзейнасьці яна зьнізілася: у паліграфіі — на 2,4%, страхаваньні — на 2,2%, у дапаможнай дзейнасьці паветранага транспарту — на 1,9%.

Рэальная зарплата ў бюджэтных арганізацыях у студзені—верасьні 2017 года ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам 2016 года павялічылася на 1,3%.

Намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў цэлым па краіне ў студзені—верасьні склала 789 рублёў.

Такім чынам, зарплата чыноўнікаў органаў дзяржкіраваньня ў верасьні перавысіла зарплату бюджэтнікаў у 1,7 разу, сярэднюю па краіне — у 1,3 разу.

БелаПАН/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт