Logo Polskiego Radia
Print

Француза будуць судзіць у Гомлі паводле двух крымінальных артыкулаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.11.2017 14:42
Затрымалі францускага падарожніка ў верасьні на памежным пункце пропуску Новая Гута і зьмясьцілі ў Гомельскі сьледчы ізалятар № 3.
Фота з ФэйсбукаФота з Фэйсбукаwww.facebook.com/soutenonsjolan/photos/

Суд Гомельскага раёну 15 лістапада пачне разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні падарожніка з Францыі Жаляна Віё. Яго вінавацяць паводле часткі 2 артыкулу 295 (незаконная перавозка агнястрэльнай зброі) і часткі 1 артыкулу 333-1 (незаконнае абарачэньне моцнадзейных ці атрутных рэчываў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook прэсавы сакратар абласнога суду Вольга Барсукова.

Затрымалі францускага падарожніка ў верасьні на памежным пункце пропуску Новая Гута і зьмясьцілі ў Гомельскі сьледчы ізалятар № 3. Жалян кіраваўся ва Ўкраіну, перасякаў беларускую мяжу пешшу і, як сьцьвярджаюць мытнікі, не задэкляраваў патрон, які знаходзіўся ў кішэні ягонага заплечніка.

Экспэртыза ўстанавіла, што пісталетны патрон калібру 9×19 прызначаны для стральбы з пісталетаў Раrabellum P-08, Walter P-38, пісталета-кулямёта МР-38 ды некаторых іншых відаў агнястрэльнай зброі згаданага калібру.

У чым віна француза паводле артыкулу 333-1, пакуль невядома.

Сам Жалян Віё пісаў на волю менскаму сябру, што пры пераходзе беларускай мяжы выбраў «чырвоны калідор», каб дэкляраваць рэчы і патрон, падораны яму ў якасьці сувэніра калегам з Польшчы.

Пра арышт Віё даведаліся ягоныя сваякі ў Францыі і распачалі ў сеціве ды СМІ кампанію за яго вызваленьне зь «беларускага палону».

Становішча францускага падарожніка абцяжаранае тым, што дадзены яму адвакат не валодаў ані французскай, ані ангельскай моваю. Француз, у сваю чаргу, ня ведае ні беларускай, ні расейскай.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт