Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі дэпутат атрымаў мэдаль «Служу Расіі» ад беларускага аб'яднаньня

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.11.2017 15:49
Леўшунову ўручылі нагрудны знак расейскага ўзору: «95 год ГРУ ГШ УЗ РФ».
foto:pixabay/Public Domain

На сайце дэпутата беларускага парлямэнта Алега Леўшунова зьявілася справаздача з канфэрэнцыі грамадзкага аб'яднаньня «Вэтэраны вайсковай разьведкі».

Адметным зьяўляецца тое, што, паводле паведамленьня Леўшунова, яму там уручылі нагрудны знак расейскага ўзору: «95 год ГРУ ГШ УЗ РФ», на якім напісана «Служім Россіі», звяртае ўвагу vybiraj.by.

Пры гэтым вядома, што Леўшуноў у ГРУ не служыў — толькі ў паветрана-дэсантных войсках яшчэ за саветамі.

Сам дэпутат патлумачыў журналістам: «Гэта была сустрэча з вэтэранскай арганізацыяй, яны ўсе служылі яшчэ за саветамі. Мяне запрасілі як дэпутата камісіі па працы і сацыяльных пытаньнях. (...) А ўзнагарода… гэта знак памятны проста. Чаму там напісана «Служым Расіі»? Я не ведаю. Але я не хацеў напрост выказваць пратэст, каб не крыўдзіць гэтых людзей», — сказаў Леўшуноў.

«У нас жа сытуацыя такая: камуністам уручаюцца мэдалі за подпісам Зюганава, афганцам таксама праз расейскія арганізацыі ўручаюцца», — адказаў дэпутат.

Леўшуноў не стаў казаць, ці толькі яму далі такі знак, ці і іншыя прысутныя яго атрымалі.

Пакуль незразумела, чаму беларуская (па рэгістрацыі) арганізацыя ўручае памятныя знакі ад імя расейскіх структур.

У Мінабароны сытуацыю праясьніць таксама не могуць.

nn.by/vybiraj.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт