Logo Polskiego Radia
Print

17 лістапада пройдзе сустрэча з польскай паэткай Д.Коман

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 16.11.2017 08:34
  • Культура 1511.mp3
Мерапрыемства адбудзецца ў рамках Месяца польскай літаратуры.

/

17 лістапада 2017 года ў 20.20 у Галерэі ТУТ.бай (пр. Дзяржынскага, 57) у рамках цыкла «Месяц польскай літаратуры» і літаратурнага фэстывалю «Знак роўнасьці» адбудзецца сустрэча з польскай паэткай Даротай Коман і прэзэнтацыя беларускамоўнага выданьня яе вершаў «36 м² думак».

Дарота Коман – адна з найцікавейшых сучасных польскіх паэтак і, магчыма, найлепшая ў Польшчы аўтарка свайго пакаленьня. Паэзія Дароты Коман пры наяўнасьці ў ёй цікавай гульні і філялягічнай вынаходлівасьці перадусім захоўвае шчырасьць і непасрэднасьць лірычнай эмоцыі, закранаючы чытача за жывое і разбураючы недарэчны стэрэатып, што сучасная паэзія нецікавая шырокаму колу аматараў.

Дарота Коман – паходзіць з Лодзі (з 1999 года ў Варшаве), паэтка, рэдактар кніг, літаратурны крытык, прамоўтэр чытаньня – сябра кнігі. Аўтар і выканаўца літаратурнай песьні. Выпускніца паляністыкі Лодзкага ўнівэрсытэта. Чалец Саюза польскіх пісьменьнікаў і Міжнароднага савета па дзіцячай кнізе (IBBY). У цяперашні час галоўны рэдактар «Wydawnictwo Arkady».

Дэбютавала ў 1992 годзе ў кракаўскім выдавецтве «MINIATURA» зборнікам паэтычных мініяцюр «Фройд бы ўсміхнуўся» («Freud by się uśmiał»). Пазьней выйшлі томікі паэзіі «Хачу быць жабай» / «Chcę być żabą» (1993), «Слоўнік замежных словаў» / «Słownik obcych wyrazów» (1994), «А ў мяне ўсё сакавік..». / «We mnie marzec nie mija..».(1995), «Дарота Коман» / «Dorota Koman» (1996), «Пакажы язык» / «Pokaż język» (1997), «Гэта сёмы» / «Ten jest siódmy /Number seven » (польска-ангельскае выданьне, з перакладамі Малгажаты Казьмерчак, 1998), «Дзе цяперашні час?» / «Gdzie jest czas teraźniejszy?» (2001), «Усе пяшчотныя словы» / «Wsyczky nezhny dumy» / «Wszystkie czułe słowa» (балгарска-польскае выданьне; перакл. Лачэзар Селяшкі, 2012), «Машына для чытаньня» / «Maszyna do czytania» (2015).

У беларускае выданьне «36 м² думак» увайшлі выбраныя вершы з усіх выдадзеных да сёньня зборнікаў аўтаркі ў перакладах Андрэя Хадановіча. Кнігу завяршаюць вершы яшчэ не апублікаваныя ў Польшчы, якія аўтарка дала свайму перакладчыку. Выданьне пабачыла сьвет у 2017 годзе ў выдавецтве «ЛогвінаЎ».

На прэзэнтацыі чакаецца цікавая размова з паэткай, чытаньне вершаў аўтаркай у арыгінале і перакладчыкам на беларускай мове, адказы на пытаньні. Таксама кожны ўдзельнік будзе мець унікальную магчымасьць набыць паэтычны зборнік «36 м² думак» па прывабным кошце і атрымаць аўтограф аўтара і перакладчыка.

Польскі інстытут/ав/плякат са старонкі Польскага інстытуту

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт