Logo Polskiego Radia
Print

Японія з Новага года спрашчае візавыя патрабаваньні для беларусаў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.12.2017 13:52
Гэтыя зьмены прымеркаваныя да 25-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю й Японіяй.
pixabay.com/Public Domain CC0

Японія з 1 студзеня 2018 года спрашчае візавыя патрабаваньні для грамадзян Беларусі. Пра гэта агенцтву БелТА распавялі ў амбасадзе Японіі ў Беларусі. Гэтыя зьмены прымеркаваныя да 25-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю й Японіяй.

Японія пашырае кола заяўнікаў, якія маюць права на атрыманьне шматразовых кароткатэрміновых віз (ня больш за 90 дзён), якія плянуюць наведаць Японію зь дзелавымі мэтамі альбо зьяўляюцца дзеячамі інтэлектуальнай сфэры й культуры. Пры гэтым максымальны тэрмін дзеяньня шматразовых кароткатэрміновых віз будзе павялічаны з трох да пяці гадоў.

Калі заяўнік аплочвае паездку самастойна, зь яго ня будуць патрабаваць гарантыйных дакумэнтаў, якія раней былі неабходныя для атрыманьня кароткатэрміновай візы.

У амбасадзе Японіі спадзяюцца, што гэтыя меры ўмацуюць двухбаковыя адносіны, у тым ліку актывізуюць асабістыя кантакты. Зьмены ў візавым рэжыме палепшаць умовы для бізнэсоўцаў і турыстаў, а таксама дазволяць павялічыць колькасьць грамадзян, якія паўторна наведваюць Японію.

эўрарадыё/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт