Logo Polskiego Radia
Print

У ААН зарэгістравалі ўжо другую «дармаедзкую» скаргу

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 08.01.2018 15:26
Скарга пададзена Валерам Рапніным, сябрам партыі БНФ.
фота: Фэйсбук/А.Лябедзька

Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека прыняла да разгляду скаргу аднаго з гомельскіх актывістаў вясновых акцыяў пратэстаў, сябра БНФ Валера Рапніна.

У скарзе, зарэгістраванай за № 3084 / 2017, палітык распавёў, як 25 сакавіка ў Дзень Волі разам зь іншымі прыняў удзел у санкцыянаваным уладамі мітынгу супраць так званага «дэкрэту аб дармаедах», які адбыўся ў Гомелі. Пасьля мірнага сходу ўдзельнікі сталі разыходзіцца, аднак міліцыя арыштавала найбольш актыўных удзельнікаў, паведамляе праваабарончы сайт «Гомельская вясна».

«Ні ў кога няма сумневаў, што пратэстная акцыя прайшла мірна. Тым ня менш, мяне, роўна як і іншых актыўных удзельнікаў, арыштавала міліцыя, абвінаваціўшы ў парушэньні ўстаноўленага парадку правядзеньня масавага мерапрыемства. 5 сутак адміністратыўнага арышту я адбываў у ізалятары часовага ўтрыманьня з 25-га па 30-е сакавіка», — сказаў Валер Рапнін.

Як падкрэсьлівае праваабаронца Леанід Судаленка, за ўдзел у вясновых акцыях пратэстаў гомельскія актывісты адсядзелі за кратамі больш за 60 сутак, выплачвалі буйныя штрафы. Многія скарысталіся правам на падачу індывідуальных скаргаў у Камітэт па правах чалавека ААН.

Гэта ўжо другая так званая «дармаедзкая» скарга, прынятая да разгляду на міжнародным узроўні: у жніўні Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека прыняла скаргу гомельскага актывіста Ўладзімера Кацоры на 12-дзённы арышт за акцыю пратэсту супраць «дэкрэту аб дармаедах» у Гомлі 18 лютага. Усяго з гомельскага рэгіёну было пададзена 18 такіх скаргаў.

Радыё Свабода/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт