Logo Polskiego Radia
Print

Амбасада ЗША аднаўляе выдачу візаў у Менску

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 09.01.2018 10:52
Пачынаючы з аўторка беларускія грамадзяне могуць падаваць дакумэнты на візы 12 катэгорыяў.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Пасьля дзесяцігадовага перапынку амбасада Злучаных Штатаў у Беларусі пачала выдаваць шырокі спэктар візаў беларускім грамадзянам – паведамляе інфармагенцтва БелаПАН. Дыппрадстаўніцтва будзе прымаць заявы на візы 12 катэгорыяў.

Пакуль застаецца ў сіле абмежаваньне па ўзросьце для людзей, якія зьвяртаюцца па візы кляса B1 / B2 (турызм / бізнэс). Зараз па іх могуць зьвярнуцца толькі рэзыдэнты Беларусі ва ўзросьце 50 гадоў і старэй.

Як адзначылі ў амбасадзе, амэрыканскія дыпляматы працуюць над «пашырэньнем магчымасьцяў консульскага аддзелу й спадзяюцца ў найбліжэйшай будучыні яшчэ больш пашырыць візавыя паслугі».

Прыгадаем, што Амбасада ЗША ў Менску спыніла выдачу візаў у красавіку 2008 году. Гэта адбылося пасьля таго, як беларускія ўлады запатрабавалі ад амэрыканскага боку радыкальна скараціць колькасьць дыпляматаў. Па візы ЗША беларусы зьвярталіся ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Расеі, Польшчы ды Ўкраіне. Выдаваць візы студэнтам і ўдзельнікам праграмаў культурнага абмену амбасада ЗША ізноў пачала толькі ў ліпені 2014 году, пасьля паляпшэньня адносінаў паміж Вашынгтонам і Менскам.

У жніўні 2017 амэрыканскія консульскія ўстановы ў Расеі былі вымушаныя значна зьменшыць выдачу візаў і перасталі выдаваць іх беларусам. Гэта стала вынікам скарачэньня штату дыпляматычных прадстаўніцтваў, на якім настаяла Масква. У выніку працу па выдачы візаў у поўным аб'ёме аднавіла прадстаўніцтва ЗША ў Менску.

Naviny.by/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт