Logo Polskiego Radia
Print

Улады не намераныя афіцыйна адзначаць стагодзьдзе БНР

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.01.2018 11:33
Міністэрства культуры расказала, якія мерапрыемствы зьбіраецца правесьці на стагодзьдзе абвяшчэньня беларускай дзяржаўнасьці.
Паштоўка, 1918-1920 гг.Паштоўка, 1918-1920 гг.wikimedia commons/public domain

Беларускія ўлады не намераныя шырока адзначаць стагодзьдзе абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта вынікае з афіцыйных лістоў зь Міністэрства культуры й Акадэміі Навук, якія атрымаў беларускі вікіпэдыст і аматар гісторыі Максім Ляшко.

Стогадовы юбілей першай спробы стварыць самастойную беларускую дзяржаву ўлады ўшануюць толькі некалькімі часовымі тэматычнымі выставамі. Ані правядзеньня шырокіх урачыстасьцяў, ані ўсталяваньня памятных знакаў не плянуецца.

Міністэрства культуры адказала Максіму Ляшко, што Нацыянальны гастрычны музэй створыць дзьве часовыя экспазыцыі, а таксама арганізуе паказ трох дакумэнтальных фільмаў, зьнятых на пачатку 1990-х гадоў. Адну выставу таксама правядзе Літаратурны Музэй імя Янкі Купалы і адну – Музэй гісторыі беларускай літаратуры. А Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі плянуе правесьці канфэрэнцыю «Беларуская Народная Рэспубліка ў гістарычным лёсе беларускай дзяржаўнасьці», па выніках якой будзе выдадзены зборнік матэрыялаў. Як паведамляе газэта «Наша Ніва», Менгарвыканкам праігнараваў пэтыцыю з просьбай усталяваць памятныя дошкі на будынках, зьвязаных з абвяшчэньнем Беларускай народнай рэспублікі.

Ушанаваць стагодзьдзе беларускай дзяржаўнасьці зьбіраюцца грамадзкія актывісты. Сайт 1863x.com распачаў кампанію па грамадзкім сьвяткаваньні 100-годдзя БНР. Блёгер Эдуард Пальчыс прапануе арганізаваць канцэрты, прэзэнтацыі і інтэрнэт-флэшмобы. Таксама яшчэ ў кастрычніку 2017 года крама Symbal.by і мастацкі цэнтар «Арт Сядзіба» пачалі грамадзкую кампанію #БНР100.

nn.by/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт