Logo Polskiego Radia
Print

Высокі прадстаўнік АБСЭ абмяркоўваў у Менску стан правоў чалавека

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.01.2018 17:16
Закраналіся пытаньні сьмяротнага пакараньня, перасьледу грамадзкіх актывістаў, выбарчага працэсу.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Працоўная сустрэча намесьніка старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Кента Харстэда з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці адбылася ў Менску.

Падчас сустрэчы, у якой бралі ўдзел старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Алег Гулак, былі абмеркаваныя пытаньні агульнай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Праваабаронцы закранулі тэму крымінальнага перасьледу грамадзкіх актывістаў, які мае палітычны падтэкст. Размова ішла пра крымінальную справу аб масавых беспарадках, па якой у мінулым годзе былі затрыманыя 35 асобаў, а таксама пра крымінальны перасьлед лідэраў прафсаюзу РЭП Г. Фядыніча і І. Комліка.

Генадзь Фядыніч падкрэсьліў, што праз гэтую крымінальную справу зараз зьдзяйсьняецца ціск на вялікую колькасьць прафсаюзных актывістаў па ўсёй краіне.
Асобна было закранутае пытаньне адміністратыўнага перасьледу ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. Па словах старшыні ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага, за 2017 год праваабаронцы зафіксавалі больш за 600 выпадкаў прыцягненьня грамадзян да адміністрацыйнай адказнасьці ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня меркаваньняў. Прычым, з агульнай колькасьці патрапіўшых пад перасьлед, было больш за 250 арыштаў.

Што тычыцца выбараў у мясцовыя Саветы, старшыня БХК Алег Гулак паведаміў, што па выніках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» істотных зьменаў у арганізацыі і правядзеньні выбарчага працэсу ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі назіральнікі не заўважаюць.

Дарэчы, тэма выбараў цікавіць спэцыяльнага прадстаўніка Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Усходняй Эўропе Кента Харстэда даўно: ён узначальваў місіі ПА АБСЭ і каардынаваў працу кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЭ пад час парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Асобна было адзначана, што зараз у камэрах сьмяротнікаў па зьвестках праваабаронцаў знаходзіцца шэсьць асобаў. Для Беларусі, якая пазыцыянуе сябе як эўрапейская краіна, сьмяротнае пакараньне – гэта недапушчальна.

Праваабаронцы адзначылі наяўнасьць сыстэмнага грамадзка-палітычнага крызысу ў краіне і падтрымалі ідэю шырокага дыялёгу беларускага дэмакратычнага грамадзтва з уладамі пры пасярэдніцтве эўрапейскіх структур ці АБСЭ.

spring96.org/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт