Logo Polskiego Radia
Print

Гомельскага фрылансэра аштрафавалі на 600 даляраў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 26.01.2018 09:41
Сёлета гэта ўжо другі штраф Кастусю Жукоўскаму, памер якога перавышае тысячу рублёў.
Кастусь ЖукоўскіКастусь Жукоўскіyoutube.com/screen

Старшыня Буда-Кашалёўскага раённага суду Ўладзімер Пракапенка на падставе двух адміністрацыйных пратаколаў аштрафаваў гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага за інтэрвію з жыхарамі вёсак Бушаўка і Кашалёва. Сума спагнаньня — 1127 рублёў, ці блізу 600 даляраў.

Кастусь Жукоўскі ня ведаў пра суд. Пастанову пра штраф ад 18 студзеня забраў з пэрсанальнай ячэйкі на пошце. Там жа ляжала і дасланая позва, SMS-паведамленьне гэтым разам на мабільнік не дасылалі.

Малодшы сяржант міліцыі Алег Маркаў у пратаколе напісаў:

«21 лістапада Жукоўскі быў у вёсцы Бушаўка і, ня маючы адпаведнай акрэдытацыі МЗС Беларусі «на ажыцьцяўленьне журналісцкай дзейнасьці, незаконна праводзіў інтэрвіюяваньне жыхароў, тым самым незаконна ўдзельнічаў у вырабе прадуктаў сродкаў масавай інфармацыі».

У другім адміністрацыйным пратаколе, які склаў малодшы ўчастковы інспэктар Яўген Шумілаў, пазначана: 5 сьнежня Жукоўскі быў у вёсцы Кашалёва і, ня маючы акрэдытацыі беларускага МЗС «на вытворчасьць журналісцкай дзейнасьці, незаконна ўдзельнічаў у вырабе прадуктаў сродкаў масавай інфармацыі».

«Прадукт» пад назвай «Саўгас пасеяў ураджай на балоце. Цяпер ня можа сабраць» паказаны 6 сьнежня ў праграме «Аб’ектыў» на тэлеканале «Белсат».

І хоць сюжэт мае аўтара (Вольга Жарнасек), вінаватым застаўся фрылансэр Кастусь Жукоўскі, паколькі ягоныя відэаздымкі, разьмешчаныя на YouTube, скарыстаў спадарожнікавы тэлеканал.

Сёлета гэта ўжо другі штраф Кастусю Жукоўскаму, памер якога перавышае тысячу рублёў.

За мінулы год гамельчука 11 разоў каралі штрафамі за выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат». Сума адміністрацыйных штрафаў склала блізу 10 тысяч рублёў.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт