Logo Polskiego Radia
Print

Сваякі асоб, асуджаных за наркотыкі, патрабуюць рэформы судовай сыстэмы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.02.2018 14:52
«Сотні і тысячы маладых людзей па надуманых прычынах садзяць на 5, 10 і больш гадоў".
www.pixabay.com/CC0

Каля двух дзесяткаў сваякоў асоб, асуджаных паводле крымінальных артыкулаў за незаконнае абарачэньне наркотыкамі, а таксама актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі БХД правялі ў Менску пікет за судовую рэформу ў Беларусі.

Пікет адбыўся ў сквэры Адама Міцкевіча каля сьледчага ізалятара нумар 1, так званай Валадаркі. У сваякоў асуджаных паводле «наркатычных» артыкулаў розныя гісторыі, але ўсе яны згодныя, што тэрміны пакараньня занадта доўгія. Так, аршанка Тацьцяна Рудакова распавяла, што яе сын, 18-гадовы Дзьмітры Рудакоў, быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўленьня волі за тое, што іншы чалавек даў паказаньні, быццам бы ён набыў наркотыкі ў Рудакова. Хлопца асудзілі, хаця наркатычных рэчываў у яго не знайшлі, а сьведак паказаньні адклікаў.

Акцыя прайшла ў рамках агітацыйнай кампаніі кандыдаткі ў дэпутаты Менгарсавета, чальца АГП і актывісткі БХД Тацьцяны Ўсіновіч. Давераная асоба Ўсіновіч на мясцовых выбарах Дзяніс Садоўскі адзначыў, што праблема несправядлівых судоў, якія вырашаюць справу па тэлефонным званку, закранула мноства людзей у Беларусі. «Сотні і тысячы маладых людзей па надуманых прычынах садзяць на 5, 10 і больш гадоў, – сказаў ён. – Гэтую практыку неабходна стрымаць. Трэба, каб суды былі па-сапраўднаму незалежныя, каб праваахоўныя органы займаліся рэальнымі злачынцамі, а не зьняволеньнем моладзі дзеля статыстыкі па барацьбе з гэтай сур'ёзнай праблемай».

Актывісты БХД разам з прадстаўнікамі ініцыятывы «Наша права» распрацавалі шэраг прапаноў па правядзеньні судовай рэформы ў Беларусі. Зварот, пад якім зьбіраюцца подпісы, плянуецца накіраваць у парлямэнт, Адміністрацыю прэзыдэнта, Генпракуратуру, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды ды іншыя дзяржаўныя органы.

naviny.by/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт