Logo Polskiego Radia
Print

Пачалося галасаваньне за ляўрэата прэміі Віктара Сырыцы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.02.2018 08:42
Гэта прэмія за выбітныя рэгіянальныя ініцыятывы і падзеі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: Kaz/pixabay.com/CC0 Public Domain

Рух «За Свабоду» ў гэтым годзе ў другі раз уручыць прэмію імя Віктара Сырыцы за выбітныя рэгіянальныя ініцыятывы і падзеі.

«Прэміяй мы намагаемся прыцягнуць увагу да дзейнасьці рэгіянальных актывістаў па папулярызацыі беларускай мовы, нацыянальнаму адраджэньню. Яна часьцяком не заўважная па-за межамі іх рэгіёнаў, але гэта не зьмяншае яе значнасьці», – адзначыў старшыня Руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч, дадаўшы, што менавіта такой рэгіянальнай працай усё жыцьцё займаўся сам Віктар Сырыца.

Прэмія была заснаваная Радай Руху «За Свабоду» ў сьнежні 2016 года ў памяць пра выбітнага дзеяча нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі Віктара Сырыцу.

У мінулым годзе ляўрэатам стала Галіна Ярашэвіч з Баранавічаў за арганізацыю музычнага фэста ў гонар Яна Чачота. Лонг-ліст прэміі ў гэтым годзе зьбіралі да 1 лютага, удзел у фармаваньні шорт-ліста прыняло кіраўніцтва арганізацыі і адказная за арганізацыю прэміі. У шорт-ліст увайшлі 7 асобаў ці групаў асобаў.

У гэтым годзе арганізацыя праводзіць ня толькі галасаваньне сярод сябраў Рады, але і т.зв. грамадзкае, у якім можа прыняць удзел любы ахвотны. Грамадзкае галасаваньне будзе мець кансультацыйны характар.

У шорт-ліст за 2017 год увайшлі:

Вольга Дамаскіна (за арганізацыю сустрэчаў у межах праекта папулярызацыі беларускай мовы «Жывая Мова»).

Валер Мінец, Вітольд Ашурак і іншыя асобы (за рэканструкцыю і добраўпарадкаваньне месца пахаваньня паўстанцаў 1863 г., усталяваньне памятнага каменю «Невядомым паўстанцам 1863 г.»).

Зьміцер Юркевіч (за арганізацыю мастацка-гістарычнага фэстывалю «Дах» пад Баранавічам дзеля аднаўленьня памяці пра Тадэвуша Рэйтана).

Андрэй Юркоў (за арганізацыю і правядзеньне Дня Волі ў Горках: раздача паштовак студэнтам і добраўпарадкаваньне магілы студэнта, удзельніка паўстаньня 1863 года, Войцеха Дамарацкага).

Яўген Меркіс (за арганізацыю адукацыйна-асьветніцкага праекту KRAJAVID, які мае на мэце стварэньне відэа па гісторыі, культуры і адметнасьцях нашага краю).

Ігар Случак (за кампанію па прасоўваньні ўжываньня беларускай мовы ў разнастайных сфэрах дзейнасьці дзяржавы і грамадзтва «Справаводзтва па-беларуску»).

Юрый Палонскі (за арганізацыю рыцарскага фэстывалю «Гонар продкаў» у Вілейцы з рыцарскімі баямі клюбаў з розных рэгіёнаў і ўдзелам рамесьнікаў).

Усяго на конкурс у гэтым годзе паступілі 23 прапановы.

Усе ахвотныя могуць аддаць свае галасы за лепшую ініцыятыву, запоўніўшы форму: http://bit.ly/syryca2017.

Прэс-служба Руху "За свабоду"/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт