Logo Polskiego Radia
Print

У Берасьці затрыманыя арганізатары пратэсту супраць акумулятарнага заводу

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 26.02.2018 12:51
Кабанаў і Пятрухін былі затрыманыя пасьля таго, як заявілі пра намер выйсьці на акцыю пратэсту.
pixabay.com/Public Domain CC0

Сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў і блёгер Сяргей Пятрухін былі затрыманыя ў Берасьці пасьля таго як, заявілі пра намер выйсьці на акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Тры дні таму Кабанаў і Пятрухін атрымалі пракурорскія папярэджаньні, а з вечара пятніцы не выходзілі на сувязь. У ІЧУ Берасьця belsat.eu пацьвердзілі, што абодва актывісты знаходзяцца ў іх.

На думку праваабаронцы Рамана Кісляка, затрыманьне зьвязанае з тым, што раней Пятрухін і Кабанаў казалі ў сваім відэаблёгу, што выйдуць на плошчу ў гэтую нядзелю, 25 лютага, калі ўлады не прыпыняць будаўніцтва заводу.

Такім чынам, акцыя пратэсту фактычна не адбылася, замест гэтага прайшло арганізаванае мясцовымі ўладамі сьвята МНС. Разам з тым, Раман Кісляк паведаміў, што некаторыя ўдзельнікі ўсё ж дайшлі да плошчы.

«Як вы ведаеце, улады, занялі плошчу пад сьвята МНС. На плошчу прыйшло каля 150 чалавек, большасьць казала, што яны прыйшлі абмеркаваць пытаньні, зьвязаныя з заводам. Ніхто не даставаў плякатаў – інакш людзі былі б адразу затрыманыя».

Кісляк таксама зьвярнуўся ў берасьцейскі гарвыканкам, каб даведацца, якія мерапрыемствы заплянаваныя ў Берасьці цягам 2018 года.

« Гэта зроблена для таго, каб ведаць, калі мы будзем падаваць заяўкі аб масавых мерапрыемствах, зьвязаных з пабудовай акумулятарнага заводу, каб улады нам сказалі, на гэтым месцы прызначанае мерапрыемства, як атрымалася на гэты раз са сьвятам МНС», – тлумачыць праваабаронца.

Нагадаем, берасьцейскія актывісты выступаюць супраць зьяўленьня непадалёк ад горада акумулятарнага заводу – на іхную думку, завод будзе забруджваць паветра шкоднымі выкідамі.

belsat.eu/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт