Logo Polskiego Radia
Print

У Менску адкрылася міжнародная кніжная выстава-кірмаш

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 28.02.2018 09:50
Тэмай выставы абрана: «Беларусь – культурная пляцоўка Эўропы».
Foto: pixabay.com/Pexels

XXV Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пройдзе з 28 лютага па 4 сакавіка. Выставу арганізуюць Мінінфарм, Мінгарвыканкам, «Белкніга», выставачны комплекс «Макбел».

Беларусь прадстаўлена нацыянальным стэндам. Арганізатары абяцаюць сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, і прэзентацыі новых кніг.

Упершыню за апошнія гады ў арганізатараў не было прэтэнзій да незалежных аўтараў і выдаўцоў. Свае творы асабіста прэзэнтуюць вядомыя пісьменьнікі й дасьледчыкі – Альгерд Бахарэвіч («Сабакі Эўропы»), Людміла Рублеўская («Пантофля Мнемазіны»), Вінцэсь Мудроў («Помнік літары «Ў»), Андрэй Вашкевіч («Вінцэнт Гадлеўскі: насуперак часу»), Анка Ўпала («На засьнежаны востраў»), Аляксандар Гужалоўскі («Чырвоны аловак. Нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР»), Алесь Белы («Сакатала бочачка. Праўдзівая гісторыя нашых напояў»), Анатоль Трафімчык («Наш Касьцюшка слаўны!») ды іншыя.

Таксама сярод удзельнікаў заяўлены шэраг незалежных выдавецтваў – «Янушкевіч», «Колас», «Логінаў», «Галіяфы», Arche.

Пры беларускім стэндзе пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджваньня пераможцаў 57-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».

Сёлета краіна – пачэсны госьць XXV Менскай кніжнай выставы – Сэрбія. У зьвязку з гэтым у праграме заплянавана выстава Нацыянальнай бібліятэкі Сэрбіі »Сэрбская літаратура ў Першай сусьветнай вайне«. Таксама пройдуць творчыя сустрэчы зь вядомым сэрбскім празаікам Горанам Петравічам і Даянай Лазаравіч – перакладчыцай на сэрбскую мову зборніка Максіма Багдановіча «Вянок». Будуць арганізаваны прэзэнтацыі выдадзенага ў Беларусі зборніка сучаснай сэрбскай паэзіі, ды іншых аўтараў.

Таксама чакаецца шырокі ўдзел у выстаўцы кнігавыдаўцоў з Расіі (экспазыцыі «Выдавецкія праграмы ўрада Масквы» і «Пецярбурскі міжнародны кніжны салён»), Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Кітайскай Народнай Рэспублікі. Знакавым мерапрыемствам выстаўкі стане прэзэнтацыя «Энцыкляпэдыі Кітая» на беларускай мове.

У дні выставы пройдзе IV Міжнародны сымпозіюм літаратараў «Пісьменьнік і час». Сваю згоду на ўдзел у пацьвердзілі пісьменьнікі больш як 20 краін.

Паводле Белта/Радыё «Свабода»/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт