Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі сталі выяўляць больш фальшывых эўра

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 11.03.2018 14:11
Асноўную колькасьць выяўленых падробленых грашовых знакаў традыцыйна склалі даляры ЗША.
Фота: pixabay.com/CC0 Public Domain

У Беларусі сталі выяўляць больш фальшывых эўра. Справаздача аб падробленых грашовых знаках, выяўленых у банкаўскай сыстэме Беларусі ў 2017 годзе, разьмешчана на сайце Нацбанка.

Па выніках 2017 году банкаўскія работнікі выявілі 1034 падробленыя грашовыя знакі, зь якіх 1030 - банкноты, 4 - манэты. У параўнаньні з 2016 годам агульная колькасьць выяўленых падробак зьменшылася на 8,4 працэнта. У Менску выяўлена 47,5 працэнта ўсіх падробленых грашовых знакаў, у абласьцях - у межах 3,7-13,1 працэнта.

Фальшывыя грошы былі зьняты з абароту ў 46 населеных пунктах. Асноўную колькасьць выяўленых падробленых грашовых знакаў традыцыйна склалі даляры ЗША - 47,6 працэнта, доля расейскіх рублёў склала 32,9 працэнта, эўра - 14,8 працэнта. Па-ранейшаму не часта выяўляліся фальшывыя беларускія рублі, іх доля склала 4,2 працэнта. Крыху больш як 0,5 працэнта прыпала на адзінкавыя падробленыя банкноты кітайскага юаня, фунта стэрлінгаў і польскага злотага.

Па выніках 2017 года зьніжэньне колькасьці выяўленых фальшывых даляраў ЗША і расейскіх рублёў да падагульняючага паказчыка 2016 году склала 9,9 працэнта й 22,4 працэнта адпаведна.

Колькасьць падробак эўра павялічылася на 21,6 працэнта. Колькасьць падробленых беларускіх рублёў узрасла ў абсалютным выражэньні на 24 штукі. Банкнотная структура падробленых даляраў ЗША не зьмянілася, як і раней, значна пераважалі банкноты наміналам 100 даляраў - 91,3 працэнта. Фальшывыя банкноты наміналам 50 даляраў занялі долю 5,7 працэнта, 20 даляраў - 2,2 працэнта.

У банкнотнай структуры фальшывых эўра прысутнічалі ўсе наміналы банкнотаў. Значная перавага аказалася на баку банкнотаў наміналам 50 эўра, колькасьць якіх узрасла ў параўнаньні з папярэднім годам больш як у два разы й склала 64 працэнты ад выяўленых купюр.

Ацэнка выкарыстаных спосабаў перадачы выяў падробленых банкнотаў сьведчыць, што 85 працэнтаў фальшывых даляраў ЗША і 76 працэнтаў фальшывых банкнотаў эўра выраблены з выкарыстаньнем паліграфічных тэхналёгій. Для перадачы выяў астатніх падробленых даляраў ЗША і эўра, а таксама фальшывых беларускіх і рускіх рублёў былі выкарыстаны тэхналёгіі рэпраграфіі - прынтарныя ўстройствы (струменны друк і электрафатаграфія).

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт