Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія ўлады ня бачаць праблем зь беларускамоўнай адукацыяй

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.03.2018 13:54
Кампанія па збору подпісаў у падтрымку беларускамоўнай адукацыі пачалася 21 лютага.
фота: "Віцебскі Кур'ер"

Міністэрства адукацыі Беларусі ня бачыць праблем з беларускамоўным навучаньнем у школах і ВНУ. На просьбу пракамэнтаваць калектыўны зварот грамадзян у падтрымку беларускамоўнай адукацыі прэс-сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая заявіла, што беларускамоўная адукацыя на сёньня даступная ўсім жадаючым.

Кампанія па збору подпісаў у падтрымку беларускамоўнай адукацыі пачалася 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. Падпісанты запатрабавалі ад уладаў распрацаваць праграму адраджэньня беларускай мовы ў сфэры адукацыі, стварыць юрыдычныя ўмовы для рэгістрацыі прыватных дзіцячых садоў, школ і ВНУ, а таксама стварыць першы беларускамоўны нацыянальны ўнівэрсытэт. За тыдзень у Мінску было сабрана 2.188 подпісаў, электронную пэтыцыю падтрымалі 500 чалавек. 27 лютага адзін з арганізатараў акцыі Зьміцер Дашкевіч занёс зварот і сабраныя подпісы ў Мінадукацыі.

У канцы лютага актывістаў, якія зьбіралі подпісы, сталі выклікаць у міліцыю для дачы тлумачэньняў, затым пачаліся судовыя працэсы. Судзьдзі расцанілі збор подпісаў як «несанкцыянаваную акцыю». Прадстаўнік арганізацыі «Моладзь БНФ» Ягор Сяргіенка арыштаваны на 50 базавых велічынь (1.225 рублёў), актывістка «Маладога фронту» Наста Гусева – на 15 базавых велічыняў (367,5 рубля). Адміністрацыйны пратакол у дачыненьні да яшчэ аднаго зборшчыка подпісаў, блёгера Эдуарда Пальчыса, суд вярнуў у міліцыю на дапрацоўку.

naviny.by/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт