Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь у 2018 годзе будзе закупляць ня толькі расейскую нафту

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.03.2018 18:03
Схемы дывэрсыфікацыі паставак нафты беларускія ўлады адпрацоўваюць з мэтай зьніжэньня сыравіннай залежнасьці ад адной крыніцы.
ілюстрацыйны здымакілюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0

Сёлета Беларусь мае намер закупляць ня толькі расейскую нафту, але й нафту з альтэрнатыўных крыніц. Паводле інфармацыі БелаПАН, такія пляны падтрымлівае ўрад.

У 2018 годзе плянуецца закупіць аб’ём альтэрнатыўнай нафты ня меншы, чым летась. Паводле слоў прадстаўніка нафтаперапрацоўчай галіны, «усё ў гэтым пытаньні залежыць ад цаны, якую прапануюць пастаўшчыкі альтэрнатыўнай нафты, а таксама ад кошту паслуг партоў і ад лягістычных выдаткаў». Пры гэтым ён удакладніў, што леташні вопыт сьведчыць пра тэхналягічную магчымасьць беларускіх НПЗ перапрацоўваць ня толькі расейскую нафту.

«Вынікі перапрацоўкі нафты з альтэрнатыўных крыніц у 2017 годзе паказалі, што займацца гэтым можна. Зь перапрацоўкай такой нафты летась не ўзьнікла ніякіх пытаньняў. Улічваючы, што закупляць такую нафту даводзілася па сусьветнай цане, давялося шукаць рэзэрвы для яе набыцьця», – растлумачыў суразмоўца.

Паводле афіцыйных статыстычных зьвестак, Беларусь у 2017 годзе імпартавала 18,13 млн тон нафты, у тым ліку 18,07 млн тон расейскай нафты і 64,4 тыс. тон альтэрнатыўнай (не расейскай) сыравіны. Схемы дывэрсыфікацыі паставак нафты беларускія ўлады адпрацоўваюць з мэтай зьніжэньня сыравіннай (энэргетычнай) залежнасьці ад адной крыніцы.

радыё рацыя/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт