Logo Polskiego Radia
Print

Менчукі сталі менш піць

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 02.05.2018 15:28
У 2013 годзе прыходзілася 12 літраў умоўнага чыстага сьпірту ў год на аднаго жыхара сталіцы, у2017 году – 8,8 літра ў год.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Апошнія пяць гадоў у Менску назіраецца зьніжэньне спажываньня алькаголю на душу насельніцтва, паведаміў 2 траўня на прэс-канфэрэнцыі галоўны лекар Гарадзкога клінічнага наркалягічнага дыспансэра Аляксандар Алішэвіч, піша БелаПАН.

Паводле яго, калі ў 2013 годзе гэты паказьнік складаў 12 літраў умоўнага чыстага сьпірту ў год на аднаго жыхара сталіцы, дык па выніках 2017 году – 8,8 літра ў год. У апошнія гады паменшылася колькасьць менчукоў, якія стаяць на ўліку ў гарадзкім наркалягічным дыспансэры: калі ў 2012 годзе на ўсіх відах уліку стаялі 38 тысяч менчукоў, дык у 2017 годзе – 34 тысячы.

З 2013 году ў Менску таксама зьніжаецца колькасьць падлеткаў, якія стаяць на ўліку: з 4.600 да 4.337 на сёньняшні дзень.

Чвэрць усіх расьсьледаваных у Менску злачынстваў зьдзейсьненая ў стане алькагольнага ап’яненьня, паведаміў прадстаўнік упраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі ГУУС Менгарвыканкаму Вадзім Аніперка.

Беларусы застаюцца аднымі з самых пітушчых у сьвеце. Беларусь заняла 4-е месца ў рэйтынгу 2017 году самых нездаровых краінаў сьвету – пасьля Чэхіі, Расеі і Славеніі, паводле дасьледаваньня арганізацыі Clinic Compare, якая прааналізавала зьвесткі аб шкодных звычках насельніцтва ў 179 краінах сьвету.

БелаПАН/svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт