Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка: Камусьці ў Расеі карціць прыватызаваць перамогу ў вайне

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.06.2018 16:15
Лукашэнка: Як быццам не было на вайне іншых - беларусаў, украінцаў, грузінаў, армян, таджыкаў, туркмэнаў...
Аляксандр ЛукашэнкаАляксандр Лукашэнкафота: Аляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net


На сустрэчы з журналістамі 2 чэрвеня падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласьць Аляксандар Лукашэнка выступіў з рэзкай крытыкай спробаў „прыватызаваць перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне”. Ён пракамэнтаваў матэрыялы, якія зьяўляюцца ў расейскай прэсе, пра тое, што Беларусь нібыта займаецца гістарычным сэпаратызмам, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

„Апошнім часам я адсочваю гэтую тэндэнцыю, назіраю. Усё больш інфармацыі менавіта на гэтую тэму. Камусьці карціць, што дзіўна — у Расеі, прыватызаваць гэтую перамогу. Як быццам не было на вайне іншых — беларусаў, украінцаў, грузінаў, армян, таджыкаў, туркмэнаў... Увесь Савецкі Саюз ваяваў. Загінулі нават ня сотні й ня тысячы, а сотні тысяч. Мы кожнага трэцяга пакалечылі й страцілі. Уся Беларусь — гэта помнік. Тысячы спаленых вёсак, ні ў чым не вінаватых людзей, старых, дзяцей”, — сказаў Лукашэнка.

І Брэсцкая крэпасьць зьяўляецца агульнай сьвятыняй для многіх народаў, адзначыў кіраўнік дзяржавы. „Нам дзяліць перамогу — гэта ліць ваду на млын нашых супернікаў і праціўнікаў. Яны рады, што мы пачалі гэтую дзяльбу. І вы ведаеце, адкуль гэтая дзяльба пайшла. Таму я вельмі нэгатыўна ўспрымаю падобныя заявы, што хтосьці гэтую перамогу заваяваў у адзіночку”, — падкрэсьліў ён.

Кіраўнік дзяржавы працытаваў папрок, што прагучаў на адным з інфармацыйных рэсурсаў: у Беларусі нібыта ёсьць свая перамога — 3 ліпеня замест 9 траўня. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў Беларусі на Дзень Перамогі ў юбілейныя даты прынята праводзіць ваенныя парады.

У астатнія гады парад праводзіцца 3 ліпеня — у дзень вызваленьня Менска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што сымбалізуе й вызваленьне Беларусі ў цэлым. Гэтая ж дата на рэфэрэндуме была зацьверджаная ў якасьці Дня Незалежнасьці. Лукашэнка таксама падкрэсьліў, што заўсёды пры правядзеньні афіцыйных сьвяточных мерапрыемстваў на 9 траўня імкнецца ўлічваць жаданьне вэтэранаў, іншых грамадзян мець магчымасьць убачыць трансьляцыю й параду на Краснай плошчы ў Маскве, каб час іх правядзеньня не супадаў.

„Так за што вы нас папракаеце — за тое, што мы ўсёй краінай глядзім на Краснай плошчы парад? Недаўмекі. Ня ведаюць сытуацыі ці не цікавяцца. Але, мне здаецца, знарок гэта робяць. Гэта ўсё пад падставай прыватызаваць перамогу”, - заявіў Лукашэнка.

belapan.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт