Logo Polskiego Radia
Print

Бязьвіз з Кітаем пачне дзейнічаць 10 жніўня

PR dla Zagranicy
Eduard Zholud 17.07.2018 09:31
Бакі пакінулі за сабой права адмовіць ва ўезьдзе на сваю тэрыторыю непажаданай або непрымальнай асобе.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Пагадненьне паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі аб узаемным бязьвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў набудзе моц 10 жніўня 2018 году, паведамляе прэс-служба МЗС.

Дакумэнт быў падпісаны ў Цындаа (КНР) сёлета 10 чэрвеня.
Пагадненьне прадугледжвае, што грамадзяне адной дзяржавы змогуць уяжджаць, знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы бяз візы ня больш за 30 дзён і не больш за 90 дзён за год.

Калі грамадзяне адной краіны маюць намер знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы больш за 30 дзён альбо пражываць, навучацца, займацца працоўнай, журналісцкай і іншай дзейнасьцю, якая патрабуе папярэдняга дазволу ад кампэтэнтных дзяржорганаў, адпаведная віза павінна быць аформленая загадзя.

На падставе пагадненьня грамадзяне абедзьвюх краін павінны ажыцьцяўляць уезд, выезд або транзыт толькі праз адкрытыя для міжнародных пасажырскіх зносін пункты пропуску дзяржавы іншага боку й пры ўмове выкананьня неабходных фармальнасьцяў, прадугледжаных рэглямэнтамі кампэтэнтных органаў гэтай дзяржавы.

Бакі пакінулі за сабой права адмовіць ва ўезьдзе на сваю тэрыторыю непажаданай або непрымальнай асобе іншага боку або спыніць знаходжаньне такіх асобаў на сваёй тэрыторыі без тлумачэньня прычын.

belapan.by/эж

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт