Logo Polskiego Radia
Print

Расейцы не змаглі перабрацца зь Беларусі ў Польшчу

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 05.09.2018 12:00
Пара з Расеі прыдумала няўдалую схему парушэньня беларуска-польскай граніцы.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com/Public Domain CC0

Як паведаміў старшы афіцэр аддзяленьня інфармацыі і прапаганды Гарадзенскай пагранічнай групы Міхаіл Скарына, ноччу 3 верасьня спрацавала сыгналізацыя аднаго з участкаў пагранзаставы. Пасьля непрацяглага прасьледаваньня з дапамогай службовага сабакі быў выяўлены парушальнік. Ім аказаўся жыхар Тульскай вобласьці 1992 года нараджэньня. Неўзабаве на АЗС каля пункта пропуску "Бераставіца" пагранічнікі затрымалі яго знаёмую, грамадзянку Расеі 1988 года нараджэньня.

"Як высьветлілася, пара накіроўвалася да сваякоў дзяўчыны ў Славакію. Аднак у маладога чалавека не было шэнгенскай візы, а значыць, і законных падстаў для ўезду ў Польшчу. Для вырашэньня праблемы быў распрацаваны няхітры плян: хлопец павінен быў адправіцца на сумежную тэрыторыю ў абыход пункта пропуску, а дзяўчына сустрэць яго ўжо на польскім баку", — расказаў Міхаіл Скарына.

Затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Гарадзенскай пагрангрупы.

У дачыненьні да маладога чалавека распачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэньня мяжы і парушэньне пагранічнага рэжыму.

Яго спадарожніцы пагражае больш суровае пакараньне: вырашаецца пытаньне аб адкрыцьці крымінальнай справы па ч. 1 арт. 371-1 КК РБ (арганізацыя незаконнай міграцыі), якая прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Belta.by/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт