Logo Polskiego Radia
Print

Абаронца Курапатаў атрымаў штраф у 30 базавых

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.09.2018 14:57
«Я і далей буду браць удзел у пікетах. Ганьба нам усім будзе, калі саступім».
У Курапатах таксама ёсьць польскія пахаваньніУ Курапатах таксама ёсьць польскія пахаваньніwww.radyjo.net/А. Папко

Штраф памерам 30 базавых велічынь (735 рублёў) атрымаў у Менскім раённым судзе абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч. Суд пакараў актывіста за ўдзел у пікеце ля рэстарацыі «Поедем поедим» 1 верасьня, калі Ўрбановіч атрымаў траўму нагі ў сутычцы зь бізнэсмэнам Аркадзем Ізраілевічам.

Пасьля сутычкі Дзяніс Урбановіч напісаў у міліцыю заяву на Ізраілевіча, абвінаваціўшы бізнэсоўца ў зьбіцьці, а таксама зьбіраўся падаць заяву ў суд, але не пасьпеў.

Урбановіча затрымалі міліцыянты, і суд Менскага раёну прысудзіў яму 7 сутак адміністрацыйнага арышту за непадпарадкаваньне. У суботу 8 верасьня, калі тэрмін арышту закончыўся, актывіста вывелі з ізалятару на Акрэсьціна праз запасны ўваход і зноў затрымалі – ужо паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

«Суд сёньня быў хуткі, я чакаў новага арышту, гэтага чакалі і міліцыянты на Акрэсьціна. Добра, што суд абмежаваўся штрафам», – сказаў радыё "Свабода" пасьля суду Урбановіч.

Актывіст вітаў рашэньне абаронцаў Курапатаў, якія 9 верасьня на агульным сходзе пастанавілі працягваць пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» мінімум да восеньскіх Дзядоў.

«Я і далей буду браць удзел у пікетах. Ганьба нам усім будзе, калі саступім», – сказаў Дзяніс Урбановіч.


www.svaboda.org/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт