Logo Polskiego Radia
Print

БПЦ выступіла супраць аўтакефаліі ўкраінскіх праваслаўных

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 12.09.2018 16:30
Беларускі экзархат РПЦ назваў прызначэньне экзархаў Канстанцінопальскага патрыярхата ў Кіеве «агрэсіўным умяшаньнем».
Фота: pixabay.com/Public Domain CC0

Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы выступіў супраць «агрэсіўнага ўмяшаньня» Канстанцінопальскага патрыярхата ва ўнутраныя справы РПЦ ва Ўкраіне.

У звароце камэнтуецца прызначэньне двух герархаў Канстанцінопальскага патрыярхата — архіепіскапа Памфілійскага Данііла і епіскапа Эдмантанскага Іларыёна — экзархамі Канстанцінопальскага патрыярхата ў Кіеве.

БПЦ выказвае «пратэст супраць дзеяньня Канстанцінопальскага патрыярхата, паколькі яно ўяўляе сабой агрэсіўнае ўмяшаньне адной памеснай царквы ва ўнутраныя справы іншай памеснай царквы, накіраванае на падрыў асноў міжправаслаўнага міру і адзінства».

Сынод БПЦ таксама заявіў «аб непарыўным духоўным адзінстве праваслаўных хрысьціян брацкіх народаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, дзяцей Рускай Праваслаўнай Царквы, якая ахоплівае сваёй апекай гістарычную Русь, духоўна народжаную ў Кіеўскай хрысьцільнай купелі».

Church.by/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт