Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнку непакоіць імкненьне моладзі вучыцца за мяжой

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.10.2018 12:07
Ён дадаў, што лічыць беларускую адукацыю канкурэнтаздольнай і запатрабаванай у сьвеце.
Аляксандр ЛукашэнкаАляксандр Лукашэнкафота: Аляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Аляксандра Лукашэнку непакоіць імкненьне маладых людзей атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў, размаўляючы ў Горадні са студэнтамі мясцовых ВНУ.

„Ёсьць яшчэ тэма, якая патрабуе ўвагі дзяржавы, і яна трывожыць, — гэта імкненьне маладых людзей атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго, гэтае пытаньне трывожыць нават ня толькі з таго пункту гледжаньня, што людзі хочуць вучыцца за мяжой. „Горш, калі таленавітыя маладыя людзі, па-першае, зьедуць за мяжу, атрымаўшы адукацыю тут, а па-другое, калі яны там атрымаюць адукацыю й там застануцца, — растлумачыў ён.

Кіраўнік дзяржавы перасьцярог моладзь, што патрапіць у вышэйшы эшалён грамадзтва за мяжой немагчыма. „Вы заўсёды будзеце там чужымі людзьмі, другога гатунку”, - сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што лічыць беларускую адукацыю канкурэнтаздольнай і запатрабаванай у сьвеце. Таму часам распаўсюджанае меркаваньне пра тое, што замежная вышэйшая адукацыя лепшая за беларускую, не апраўданае.

Гэты тэзіс, на яго думку, пацьвярджаецца тым, што ў беларускіх ВНУ навучаюцца сотні й тысячы замежных грамадзян. Напрыклад, шмат студэнтаў з Кітая.

Лукашэнка разам з тым падкрэсьліў, што ў Беларусі гатовыя й будуць пераймаць усё лепшае, што ёсьць у адукацыі на Захадзе, але не сьлепа капіяваць. „Рэвалюцыі нам не патрэбныя. Мы ўжо прайшлі ўсе гэтыя рэвалюцыі, асабліва ў адукацыі”, — падкрэсьліў беларускі кіраўнік.

belapan.by/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт