Logo Polskiego Radia
Print

На Астравеччыне плянуецца стварыць тэхнапарк

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.11.2018 13:26
«Асноўным лякаматывам эканомікі нашага раёна, вядома, будзе атамная станцыя".
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакFoto: Wikipedia/Stefan Kühn/CC BY-SA 3.0

У Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці плянуецца стварыць тэхнапарк, паведаміў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін у інтэрвію праграме «Нашы навіны. Суботні выпуск» тэлеканала ОНТ. «Асноўным лякаматывам эканомікі нашага раёна, вядома, будзе атамная станцыя. Многім такім гарадам, на жаль, прызначаны лёс монагарадоў. А гэтага нам, мясцовым уладам, неабходна пазьбегнуць, – сказаў ён. – Зараз завяршаецца карэкціроўка генэральнага пляна гораду энэргетыкаў. Прадугледжана стварэньне тэхнапарку і інвэстыцыйнай пляцоўкі, на якіх я бачу магчымасьць разьмяшчэньня высокатэхналягічных вытворчасьцяў». Паводле слоў Шалудзіна, згодна з плянам гэта будзе пляцоўка ў раёне Гудагая (заходняя) і пляцоўка з боку Смургоняў і Ашмянаў (усходняя). Пры гэтым ён заўважыў, што насельніцтва Астраўца з пачаткам будаўніцтва Беларускай АЭС павялічылася з 8,2 тысяч да 11 тысяч чалавек.

Паводле слоў кіраўніка раёна, за два гады ў горадзе пабудавана больш за 240 тысяч кв. мэтраў жыльля, практычна завершана будаўніцтва двух новых мікрараёнаў з насельніцтвам 8 тысяч чалавек. «Актыўна забудоўваецца трэці мікрараён, горад атрымаў школу-гімназію, тры дзіцячыя садкі. У гэтым годзе будзе ўведзены ў строй новы стадыён, будуецца шматфункцыянальны спартыўны комплекс», – сказаў Шалудзін. Ён таксама паведаміў, што ў Астравецкім раёне дзейнічае 13 каталіцкіх храмаў і тры праваслаўныя. «Многія з іх зьяўляюцца помнікамі архітэктуры», – дадаў старшыня райвыканкама. Шалудзін адзначыў, што 50% раёна займае лес, тут ёсьць заказьнік «Сарачанскія азёры», больш за 10 аграсядзіб, працуе лясгас, які займаецца лесаапрацоўкай, ёсьць вальер з дзікімі жывёламі, арганізуецца паляваньне. «Наша мэта – не проста выкарыстоўваць, а захаваць багаты прыродны і архітэктурны патэнцыял, які ёсць у раёне», – падкрэсьліў яго кіраўнік.

Радыё Рацыя/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт