Logo Polskiego Radia
Print

Рассельгаснагляд увёў кантроль у дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 17.12.2018 18:02
Рассельгаснагляд увёў рэжым узмоцненага лябараторнага кантролю ў дачыненьні да прадукцыі сямі беларускіх прадпрыемстваў.
youtube.com/screen

Федэральная служба па вэтэрынарнаму й фітасанітарнаму наглядзе Расеі (Рассельгаснагляд) увяла рэжым узмоцненага лябараторнага кантролю ў дачыненьні да прадукцыі сямі беларускіх прадпрыемстваў.

Такі рэжым уводзіцца ў сувязі з выяўленьнем фактаў неадпаведнасьці якасьці прадукцыі беларускіх арганізацый патрабаваньням Эўразійскага эканамічнага саюза й Расеі, гаворыцца ў дакумэнце Рассельгаснагляду. Узмоцнены лябараторны кантроль уведзены ў дачыненьні да прадукцыі прадпрыемстваў «Белрыба», «Віталюр», Глыбоцкага мясакамбіната, Лідзкага малочна-кансэрвавага камбіната, Ашмянскага мясакамбіната, «Чызмайстара», Бабруйскага мясакамбіната. Згодна са зьвесткамі Рассельгаснагляда, у прадукцыі беларускіх мясакамбінатаў выяўленыя антыбіётыкі, а ў ласосевай ікры «Чызмайстара» – залацісты стафілакок.

Між тым улады Беларусі раней неаднаразова заяўлялі, што расейскі бок стварае штучныя бар’еры для доступу на ўнутраны рынак беларускіх прадуктаў харчаваньня. На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Карэлія Расейскай Фэдэрацыі Артурам Парфенчыкавым заявіў, што паколькі ў Расеі «ідзе атака ў дачыненьні да беларускай прадукцыі», пастаўленая задача дывэрсіфікаваць рынкі.

«Гэта аксіёма для любой дзяржавы. Нельга замыкацца нават на самую сяброўскую й брацкую дзяржаву – адзін рынак, ня маючы іншых», – сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, Беларусь імкнецца збаяансаваць экспарт, каб пастаўляць прыкладна па траціне аб’ёмаў на расейскі рынак, у Эўразвяз, іншыя краіны. «Калі Расея надалей будзе праводзіць такую палітыку, мы, вядома, будзем выходзіць на іншыя рынкі», – падкрэсьліў Лукашэнка.

белапан/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт