Logo Polskiego Radia
Print

«Пра незалежнасьць беларусы марылі цягам многіх стагодзьдзяў»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.12.2018 12:21
Такім чынам кіраўнік беларускага МЗС адказаў прэм’ер-міністру Расеі наконт больш глыбокай інтэграцыі.
Уладзімер МакейУладзімер МакейPhoto: mfa.gov.by

„Я лічу, што, калі спытаць пераважную колькасьць грамадзян нашай краіны, яны адназначна скажуць, што Беларусь павінна заставацца незалежнай і сувэрэннай дзяржавай.Пра гэты сувэрэнітэт і незалежнасьць мы марылі, думалі на працягу многіх-многіх стагодзьдзяў. У нашай сучаснай гісторыі мы дамагліся гэтага, таму мы павінны і далей працаваць над умацаваньнем нашага сувэрэнітэту”, — сказаў Уладзімер Макей пасьля цырымоніі ўзьняцьця сьцяга Міністэрства замежных спраў Беларусі. — „Зразумела, што, як кажа прэзыдэнт, гэта дорага каштуе, але мы павінны разумець гэта і мусім зрабіць так, каб кожны рабіў унёсак у гэты працэс”.

Новы сьцяг МЗС Уладзімір Макей назваў баявым сьцягам і адзначыў, што сёньня ведамства не змагаецца на полю бою са зброяй у руках, але дыпляматы вядуць баталіі ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых сфэрах на міжнародных пляцоўках.

Нагадаем, на пасяджэньні саюзнага Саўміна ў Брэсьце прэм'ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў агучыў умовы, пры якіх Расея гатовая пайсьці на саступкі па пытаньні нафты й газу . Расея прапануе Беларусі адзіную валюту, адзіны суд, адзіную мытню, а таксама адзіны парлямэнт.

Аляксандр Лукашэнка, камэнтуючы словы Мядзьведзева, сказаў, што «разумее гэтыя намёкі: атрымаеце нафту, але ўступайце ў склад Расеі», і заявіў, што Беларусь ніколі ня ўвойдзе ў склад суседняй дзяржавы.

Пазьней у Крамлі заявілі, што тэма магчымага аб'яднаньня Расеі і Беларусі ў адзіную дзяржаву не абмяркоўваецца.

tut.by/svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт