Logo Polskiego Radia
Print

БНФ заклікае беларусаў карыстацца беларускай мовай

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 13.01.2019 12:22
«Беларуская мова — найважнейшы фактар нацыянальнай бясьпекі», — такую заяву прыняў сойм Партыі БНФ.
Фота: commons.wikimedia.org/Domena publiczna

«Беларуская мова — найважнейшы фактар нацыянальнай бясьпекі для незалежнай беларускай дзяржавы», — гаворыцца ў заяве, прынятай 12 студзеня на пасяджэньні сойма Партыі БНФ.

«Пакуль існуе «саюзная дзяржава» Беларусі і Расеі, існуе пагроза аншлюсу, ліквідацыі беларускай дзяржавы і яе інкарпарацыі ў склад Расеі», — перакананы ў Партыі БНФ.

Найважнейшым элемэнтам дзяржаўнасьці зьяўляецца беларуская мова, лічаць у партыі.

«Выбар на карысьць беларускай мовы — гэта выбар на карысьць нацыянальнай дзяржавы і, у рэшце рэшт, адзіны магчымы выбар для сапраўднага беларускага патрыёта», — гаворыцца ў заяве сойма.

Прымаючы пад увагу актывізацыю антыбеларускіх выступаў і інфармацыйных нападаў на Беларусь і беларусаў, Партыя БНФ абвяшчае 2019-ы годам беларускай мовы, а таксама заклікае ўсіх жыхароў краіны вывучаць беларускую мову, карыстацца ёю ва ўсіх жыцьцёвых выпадках, ініцыіраваць стварэньне беларускамоўных груп у навучальных установах.

Аўтары заявы таксама заклікаюць усіх беларусаў падчас перапісу насельніцтва пазначаць беларускую мову ў якасьці роднай.

Беларускі бізнэс, усіх вытворцаў тавараў і паслуг сойм Партыі БНФ заклікае карыстацца беларускай мовай у рэклямных кампаніях, афармленьні тавараў, адносінах з пакупнікамі.

Акрамя гэтага, аўтары заявы патрабуюць зацьвярджэньня дзяржаўнай праграмы разьвіцьця і падтрымкі беларускамоўнага навучаньня.

Svaboda.org/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт