Logo Polskiego Radia
Print

МВФ прапанаваў Беларусі падтрымку

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 20.01.2019 08:58
Гэта зьвязана з аднаўленьнем эканомікі краіны.

Выканаўчы савет Міжнароднага валютнага фонду завяршыў кансультацыі з Беларусьсю ў адпаведнасьці з Артыкулам IV і прапанаваў меры для падтрымкі эканамічнага росту ў краіне.

У МВФ адзначылі, што ў Беларусі працягваецца цыклічнае аднаўленьне эканомікі, рост у першыя тры кварталы 2018 года дасягнуў 3,7%. Больш высокія цэны на нафту і значны зьнешні попыт спрыялі экспарту, тады як унутранаму попыту садзейнічалі тэмпы росту заработнай платы.

«Абачлівая грашова-крэдытная палітыка ў спалучэньні з павышэньнем даверу да цэнтральнага банка даюць магчымасьць утрымліваць інфляцыю на гістарычна нізкіх узроўнях, нягледзячы на хуткі рост заработнай платы. Абменны курс застаецца адносна стабільным у намінальным эфэктыўным выражэньні, што назіраецца і ў частцы міжнародных рэзэрваў», – адзначылі ў МВФ.

Пры гэтым экспэрты арганізацыі лічаць, што ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве рост эканомікі складзе 2% пры поўнай кампэнсацыі за падатковы манэўр. «Калі кампэнсацыя будзе далёка не поўнай (гэта асноўная рызыка для эканомікі Беларусі, якая існуе на гэтым этапе), сярэднетэрміновы рост можа быць істотна меншы за 2%», – лічаць у МВФ.

Міжнародная арганізацыя заклікала беларускія афіцыйныя органы скарыстацца цяперашнім цыклічным аднаўленьнем эканамічнага росту і рэалізаваць рэформы. «Ажыцьцяўленьне структурных рэформ адыгрывае ключавую ролю ў скарачэньні макраэканамічнай нестабільнасьці і павышэньні патэнцыялу росту«, – гаворыцца ў паведамленьні МВФ.

Паводле Белта/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт