Logo Polskiego Radia
Print

Пробашчу катэдры ў Віцебску забаранілі служыць у Беларусі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 21.01.2019 15:52
Ксёндз Павал Кнурэк, грамадзянін Польшчы, праслужыў у Беларусі каля 18 гадоў.
Ксёндз Павал КнурэкКсёндз Павал КнурэкФота: vitkatedra.by

Віцебскія каталікі выказваюць незадавальненьне й патрабуюць, каб ім вярнулі іх духоўнага айца й пробашча парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску Паўла Кнурэка. Тэкст звароту быў апублікаваны на пляцоўцы Petitions.by.

Пробашч каталіцкай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску ксёндз Павал Кнурэк, грамадзянін Польшчы, праслужыў у віцебскай катэдры крыху больш за год. У лістападзе 2018 года ён быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазволу на далейшае служэньне ў Беларусі. Да прыезду ў Віцебск сьвятар больш за 16 гадоў узначальваў парафію Сьвятога Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён).

На днях пасьля ўрачыстай імшы Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч паведаміў парафіі, што ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцей Леаніда Гулякі прыйшла чарговая адмова на працягненьне служэньня ў Беларусі. «Без тлумачэньняў прычын. І цяпер ужо канчаткова», – удакладніў біскуп Алег Буткевіч.

Парафіяне абвясьцілі збор подпісаў пад зваротам да Леаніда Гулякі з просьбай перагледзець рашэньне аб непрацягненьні дазволу на служэньне ў Беларусі ксяндза Паўлу Кнурэку й дазволіць яму вярнуцца ў сваю парафію. Просяць таксама патлумачыць, зь якой прычыны было прынятае рашэньне аб забароне на яго служэньне ў Беларусі.

віцебская вясна/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт