Logo Polskiego Radia
Print

Пікет адчаю перад будынкам адміністрацыі прэзыдэнта

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 08.02.2019 13:01
Валянціна Каваленка з Бабруйску правяла каля адміністрацыі прэзыдэнта ў Менску па вуліцы Карла Маркса адзіночны пікет.
фота: Радыё Рацыя

Яна выйшла да будынку з самаробным плякатам «Пры падтрымцы адміністрацыі прэзыдэнта – у краіне міліцэйскі праізвол».

Такім чынам яна спрабуе зьвярнуць увагу на парушэньні правоў яе сына, які адбывае пакараньне ў калёніі №22. На пікет жанчыну падштурхнула тое, што ёй было адмоўлена ў сустрэчы з першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Максімам Рыжанковым, які раней абяцаў разабрацца ў справе. Але ў выніку скаргі былі накіраваны ў Міністэрства ўнутраных спраў, адкуль прыйшлі фальсыфікаваныя, па словах Каваленкі, адпіскі.

«Мой сын з 2015 года ўжо мае права на зьмену рэжыма. Ён з 2011 года знаходзіцца на палепшаных умовах утрыманьня. Усе крытэрыі, усталяваныя законам, ён выканаў. Закон дазваляе яму зьмену рэжыма, або ўмоўна датэрміновае. Яму адмаўляюць. Але ў той самы час яму не гавораць, што трэба зрабіць, як трэба выправіць, што ня так. Яму кажуць: ідзі сядзі. А нам гавораць, што ў нас да яго прэтэнзій няма», - расказвае жанчына.

Па словах Валянціны Каваленкі, узмацненьне ціску на яе сына пачалося пасьля хваляваньняў асуджаных у гэтай калёніі, якія адбыліся 3-4 лістападу 2018 году. Хаця ён у іх і не ўдзельнічаў. Пікет Валянціны Каваленкі працягваўся ня доўга. Служба бясьпекі забрала плякат. Але жанчыну не затрымалі, а паабяцалі ў чарговы раз разабрацца. Таму Валянціна Каваленка вярнулася ў прыёмную і працягвала чакаць сустрэчы з кіраўніцтвам адміністрацыі прэзыдэнта.

Радыё Рацыя/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт