Logo Polskiego Radia
Print

Апазыцыя заявіла пра намер рыхтавацца да выбараў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.02.2019 10:55
Па законе не пазьней трэцяга квартала наступнага году ў Беларусі павінны прайсьці дзьве выбарчыя кампаніі.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Восем апазыцыйных арганізацый заявілі пра намер правесьці кампанію «Права выбару» на маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах. Падобная ініцыятыва дзейнічала і падчас папярэдніх выбараў.

Па законе не пазьней трэцяга квартала наступнага году ў Беларусі павінны прайсьці дзьве выбарчыя кампаніі – прэзыдэнцкая і парлямэнцкая. Апошні тэрмін выбараў у Палату прадстаўнікоў – 10 верасьня 2020 году, прэзыдэнта – 30 жніўня 2020-га. Экспэрты мяркуюць, што якая-небудзь з кампаній можа адбыцца ўжо ў гэтым годзе. І хутчэй за ўсё гэта будуць выбары ў парлямэнт.

У гэты раз плянуецца вылучыць 1,5 тыс. чалавек для сумеснага назіраньня за ходам агітацыі і галасаваньнем. У кампанію назіраньня ўваходзяць Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП), Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД), Беларуская партыя «Зялёныя», аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу, рух « за Свабоду « і прафсаюз РЭП.

Гэтыя арганізацыі падпісалі пагадненьне аб сумесным правядзеньні мабілізацыйнай кампаніі для актыўнага назіраньня на маючых адбыцца выбарах.

Акрамя таго, удзельнікі кампаніі назіраньня плянуюць вылучыць і сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Па папярэдніх падліках, іх будзе 18.

www.naviny.by/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт