Logo Polskiego Radia
Print

Цукровы дыябэт у Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 10.11.2011 11:50
Штогод цукровы дыябэт выяўляюць у 20–22 тыс. жыхароў Беларусі.

Штогод колькасьць хворых на цукровы дыябэт у Беларусі павялічваецца на 7-8%, - паведаміла галоўны пазаштатны эндакрыноляг Міністэрства аховы здароўя Ала Шапялькевіч падчас адмысловай прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Паводле яе слоў, штогод дыябэт выяўляюць упершыню ў 20–22 тыс. чалавек.

/

Усяго ў краіне на пачатак года зарэгістравана 210 тыс. 742 пацыенты з цукровым дыябэтам, у тым ліку больш за 1 тыс. 400 дзяцей. Амаль 195 тыс. пацыентаў хворых на цукровы дыябэт другога тыпу, прыкладна 15 тыс. — першага.

Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя падкрэсьліла, што рост хворых на дыябэт адзначаецца ва ўсіх краінах. З 2000 года колькасьць хворых, якія пакутуюць на гэта захворваньне ў сьвеце вырасла са 100 млн. да 300 млн. чалавек. Асноўныя прычыны росту колькасьці дыябэтыкаў — павелічэньне колькасьці людзей зь лішняй масай цела й атлусьценьнем, а таксама гіпадынамія й эмацыянальнае перанапружаньне, хранічны стрэс.

З 1 па 14 лістапада ў Беларусі праходзіць акцыя па раньнім выяўленьні й прафіляктыцы цукровага дыябэту. У эндакрыналягічных цэнтрах і паліклініках наведвальнікам прапаноўваецца запоўніць анкеты для ацэнкі дзесяцігадовай рызыкі разьвіцьця цукровага дыябэту другога тыпу. У асоб з высокім узроўнем рызыкі праводзіцца вызначэньне ўзроўню глікэміі, а ў некаторых цэнтрах рэспубліканскага ўзроўню — вызначэньне глікіраванага гемаглабіну.

14 лістапада адзначаецца Сусьветны дзень барацьбы з дыябэтам.

nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт