Logo Polskiego Radia
Print

Старшыня Амбэр Гольд быў неаднойчы асуджаны

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.08.2012 14:59
Згодна польскаму закону, ён ня мае права кіраваць ніводнай фінансавай кампаніяй.

Апошнімі днямі не суціхае ў Польшчы скандал, зьвязаны з кампаніяй Амбэр Гольд, якая пазычала ў людзей грошы пад вельмі высокія працэнты. Цяпер жа аказалася, што фірма зайшла ў фінансавы тупік і ня зможа выплаціць сродкі сваім кліентам. А некаторыя палякі заінвэставалі ў Амбэр Гольд усе свае ашчаднасьці. Выданьне „Rzeczpospolita” паведамляе, што старшыня Амбэр Гольд Марцін Пліхта раней атрымаў як мінімум пяць судовых прысудаў за фінансавыя махінацыі ў асабліва вялікіх памерах. Таму, згодна польскаму закону, ён ня мае права кіраваць ніводнай фінансавай кампаніяй. Тым ня менш, кіруе, паколькі суды парушалі законы, выдаючы яму дазволы на рэгістрацыю дзейнасьці.

Прадстаўнік аднаго з гданьскіх гаспадарчых судоў тлумачыць, што не патрабаваў у Пліхты пасьведчаньня аб адсутнасьці судовага пакараньня, бо няма такога абавязку. Але іншыя суды ўвялі такую практыку, паколькі маюць ужо магчымасьць праверыць рэпутацыю дадзенай асобы ў адмысловай электроннай базе асуджаных.

Усе суды паступалі з Пліхтам вельмі мякка. Ён атрымліваў умоўныя прысуды, нягледзячы на тое, што зьдзяйсьняў падобныя фінансавыя злачынствы некалькі разоў падрад. Парушэньне забароны рэгістрацыі фірмы немалаважна для кліентаў кампаніі Пліхты. Яны могуць патрабаваць вяртаньня сваіх сродкаў ня толькі з маёмасьці фірмы Пліхты, але таксама яго прыватнай маёмасьці.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт