Logo Polskiego Radia
Print

Палякі сталі вырабляць графэн

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 24.12.2013 15:15
Матэрыял, які мае неверагодныя фізычныя й мэханічныя ўласьцівасьці.

Польшча пачала прамысловую вытворчасьць графэна. Надоечы пачаўся продаж гэтага матэрыялу. Гэтым займаецца кампанія „Nano Carbon”, якая належыць дзяржаўнаму Агенцтву разьвіцьця прамысловасьці.

Гэта першая спроба камэрцыялізацыі сучаснага матэрыяла. Графэн па выкарыстаньні, праўдападобна, можа замяніць крэмній. Нагадаем, менавіта польскія навукоўцы распрацавалі спосаб атрыманьня чыстага графэна.

Прэм'ер-міністар Польшчы, які прыняў удзел ва ўрачыстым запуску онлайн-продажу графэна, сказаў, што гэта для Польшчы гістарычны момант. „Камэрцыялізацыя павінна пасьпець за навуковымі дасягненьнямі”, - адзначыў Дональд Туск.

Паводле старшыні Агенцтва разьвіцьця прамысловасьці Войцеха Дамброўскага, выкарыстаньне гэтага матэрыялу абмяжоўваецца толькі ўяўленьнем. Графэн - гэта танны электрычны прывад, супэркандэнсатар, лёгкія кузавы, лягчэйшыя самалёты, шкло ў якасьці крыніцы таннай і экалягічнай электраэнэргіі. Дадаткова, гнуткасьць графэна дазваляе стварыць любую форму.

Дырэктар Інстытута тэхналёгіі электронных матэрыялаў Зыгмунт Лучыньскі перасьцерагае, што кожны дзень прамаруджаньня па справе графэна - гэта канкрэтныя фінансавыя страты.

„Кожны год паяўляюцца сотні патэнтаў па атрыманьні графэна. Таму кожны страчаны месяц - гэта страчаныя грошы”, - тлумачыць Лучыньскі.

Сваёй структурай графэн нагадвае кавалак сотаў зь мёдам. Гэта матэрыял збудаваны з аднаго пласта вугалю. Ён мае неверагодныя фізычныя й мэханічныя ўласьцівасьці: лёгкі, празрысты, трывалы й, дадаткова, праводзіць электрычнасьць і цяпло.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт