Logo Polskiego Radia
Print

Рэйкі паміж Горадняй і Беластокам мадэрнізуюць

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 08.03.2015 15:00
Хуткасьць цягнікоў вырасьце да 120 км/г.

Адрэзак чыгункі ад беларускай мяжы да Беластока плянуюць мадэрнізаваць. Мадэрнізаваныя рэйкі даўжынёй 60 км спалучаць Беласток праз Сакулку й Кузьніцу Беластоцкую зь беларускай мяжой. Лінія абслужыць таварны й пасажырны рух, будзе служыць для міжнародных і рэгіянальных спалучэньняў.

Сёньняшняя хуткасьць пасажырскіх і таварных цягнікоў, каля 60 км/г, павінна будзе павялічыцца ўдвая. Дзякуючы ўзмацненьню рэек і эстакад можна будзе павялічыць вагу тавараў. У кожным вагоне можна будзе правезьці больш на 10 тон.

Кампанія PKP Polskie Linie Kolejowe падпісала дамову з кансорцыюмам гішпанскіх фірмаў Tec Cuatro і TRN Ingenieria y Planificacion de Infraestructuras на стварэньне тэхніка-эканамічнага абгрунтаваньня работ. Яно павінна быць гатова да красавіка 2016 году. Тады можна будзе пачаць працу над падрыхтоўкай праекта й рыхтавацца да будаўніцтва.

У абгрунтаваньні будуць прадстаўлены чатыры варыянту праекта з розным аб'ёмам работ, вынікамі й коштам. Зь іх заказчык абярэ найбольш аптымальны варыянт.

Сёньня па шляхах ад беларуска-польскай мяжы да Беластока рухаецца больш за дзесяць цягнікоў: пасажырскіх і грузавых.

kurierkolejowy.eu/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт