Logo Polskiego Radia
Print

Кітайцы купілі польскую фірму за 123 млн эўра

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 30.08.2016 11:59
У аўторак кітайцы афіцыйна сталі ўладальнікам фірмы NOVAGO.
крыніца: www.naszamlawa.pl

За польскую кампанію, якая займаецца перапрацоўкай адходаў, кітайскі інвэстар выклаў 123 млн эўра.
Фірму NOVAGO стварыў прадпрымальнік з горада Млава Януш Арэнт. Фірма цяпер перайшла ў рукі China Everbright International Limited.

«Да сёньняшняга дня гэта найбуйнейшая інвэстыцыя кітайскага капіталу ў Польшчы і найбуйнейшая зьдзелка па продажу фірмы з экалягічнай галіны ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе», – падкрэсьліў падчас урачыстасьці падпісаньня дамовы віцэ-міністар разьвіцьця Радаслаў Дамагальскі-Лабэндзкі (Radosław Domagalski-Łabędzki).

Р.Дамагальскi-Лабэндзкі: Мы спадзяемся, што кітайскі інвэстар будзе павялічваць кошт фірмы з карысьцю для працаўнікоў і мясцовых жыхароў. Я думаю, што пэрспэктывы разьвіцьця гэтага сэктара дасканалыя. Польская фірма такім чынам атрымала шанец увайсьці на кітайскі рынак, што было б, хутчэй за ўсё, немагчыма ў іншых абставінах. Таму я вельмі пазытыўна ацэньваю падпісаньне гэтага інвэстыцыйнага дагавору.

China Everbright зьяўляецца вядучай кампаніяй, якая працуе ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя ў Кітаі. Яе дзейнасьць канцэнтруецца ў чатырох асноўных сэктарах: зялёная энэргетыка, ахова водных рэсурсаў, экалягічныя тэхналёгіі і тэхніка GreenTech. У энэргетычным сэгмэнце фірма ў асноўным займаецца вырабам энэргіі з адходаў.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт