Logo Polskiego Radia
Print

Вытворцы бульбы ў Польшчы аб’ядноўваюцца

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.09.2016 13:43
Яны робяць стаўку на агародніну для непасрэднага спажываньня.
Photo: pixabay.com/CC0

Вытворцы самай папулярнай у Польшчы aгародніны – бульбы – бачаць патэнцыял у супрацоўніцтве, разнастайнай прапанове, а таксама адукацыі спажыўцоў.

Апошнія дзесяцігодзьдзі не спрыялі гэтаму віду агародніны ў Польшчы. Спажываньне бульбы скарацілася са 140 кг на чалавека ў год у 90-х гадах, да 100 кг на сёньняшні дзень. Яшчэ 4-5 гадоў таму, фэрмэры зьбіралі каля 9 мільёнаў тон бульбы ў год. У гэтым сэзоне гэта будзе крыху больш за 7 млн тон.

„Павелічэньне плошчаў насаджэньняў і ўраджаю ў асноўным адбываецца за кошт тых гатункаў бульбы, якія ўтрымліваюць шмат крухмалу, і якія вырошчваюцца на патрэбы прамысловасьці. На іх можна таксама атрымаць дзяржаўныя субсыдыі. Акрамя таго, увесь час расьце вытворчасьць чыпсаў і бульбa-фры, што таксама падымае статыстыку. Бульба для непасрэднага спажываньня на гэтым фоне выпадае найгорш”, - кажа Веслаў Дзванкоўскі (Wiesław Dzwonkowski), экспэрт зь Інстытуту сельскагаспадарчай і харчовай эканомікі.

Прамысловасьць атрымлівае больш за 2 мільёны тон агародніны, каля 1,5 мільёна тон траціцца на насаджэньні. Непасрэднае спажыцьцьё - гэта толькі каля 3,5 млн тон. Менавіта заваяваць гэты апошні рынак плянуе Асацыяцыя польскай бульбы.

Назіраючы за тэндэнцыямі ў іншых эўрапейскіх краінах, цягам бліжэйшых 10 гадоў можна спадзявацца падзеньня непасрэднага спажываньня бульбы ў Польшчы на, як мінімум, 15 кіляграмаў на чалавека. Таму вытворцы бульбы бачаць шанец у павелічэньні разнастайнасьці прапановы й адукацыі кліентаў.

Тым ня менш, на думку экспэртаў, зьніжэньне спажываньня бульбы - гэта толькі адна з праблем галіны. Другой зьяўляюцца нізкія цэны на агародніну, якія тармозяць разьвіцьцё ў дадзенай сельскагаспадарчай сфэры.

pb.pl/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт