Logo Polskiego Radia
Print

Сэйм атрымаў на разгляд бракаваны законапраект

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.09.2016 15:14
Гаворка ідзе пра зьмены ў законах аб дапушчальнасьці абортаў, якія прапануюць асяродзьдзі пралайф.
pixabay.com/CC0

Польскія выданьні шмат увагі прысьвячаюць тэматыцы магчымых зьменаў у законе аб дапушчальнасьці перарываньня цяжарнасьці. У пятніцу Сэйм адправіў у камісіі на дапрацоўку законапраект аб поўнай забароне абортаў – нагадвае тыднёвае выданьне «Tygodnik Powszechny». На думку аўтара допісу, гэта бракаваны закон. Калі б ён увайшоў у сілу, то выкананьне абортаў было б поўнасьцю забаронена. Цяпер можна спыніць цяжарнасьць па трох прычынах – калі яна зьяўляецца вынікам згвалтаваньня, нясе пагрозу жыцьцю і здароўю маці і калі плод незваротна пашкоджаны або сьмяротна хворы.

Найбольш пратэстаў выклікае адмена другой умовы – калі разьвіцьцё плоду пагражае жыцьцю або здароўю маці. Аўтары законапраекту пішуць, што згодна актуальным мэдычным стандартам, аборт ніколі ня можа быць неабходны дзеля ратаваньня жыцьця маці. Гэта няпраўда. Ёсьць сытуацыі, калі цяжарнасьць нясе непасрэдную пагрозу жыцьцю жанчыны, напрыклад, раньняя цяжарнасьць і дыягназ вострага белакроўя. Хіміятэрапія выклікала б у такім выпадку выкідыш, а ў хворай гэта магло б закончыцца сьмяротным кровазьліцьцём. Аборт дае магчымасьць выратаваць хаця б маці. Але згодна новаму праву, доктару пагражала б за гэта нават 5 гадоў турэмнага зьняволеньня. У сваю чаргу, калі б ён прапісаў хімію, ведаючы пра небясьпеку сьмяротнага кровазьліцьця, то таксама мог бы пайсьці сядзець.

Законапраект паставіў партыю «Права і справядлівасьць» перад цяжкім выбарам. У камісіях праект можа ляжаць неабмежаваную колькасьць часу, але раней ці пазьней трэба ім заняцца. Хутчэй за ўсё дэпутаты прагаласуюць толькі за тое, каб забараніць аборты ў выпадку, калі дзіця сьмяротна хворае, паколькі прыкладна палова польскага грамадзтва лічыць аборты ў дадзеным выпадку недапушчальнымі.

Tygodnik Powszechny/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт