У Гдыні пачынаецца фэстываль «Бунтаўшчыкі, Нязломныя, Ізгоі»
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
28.09.2016 16:40
У рамках конкурснай часткі будуць паказаныя 27 кінафільмаў, прагучаць таксама 15 радыёперадач.
photo: http://festiwalnnw.pl/
У Гдыні пачынаецца сёньня VIII фэстываль «Бунтаўшчыкі, Нязломныя, Ізгоі». Гэта найбуйнейшая падзея ў Польшчы, прысьвечаны найноўшай гісторыі. Мерапрыемства спалучае ў сябе мастацтва й навуку, і яно ў асноўным накіраванае да маладога пакаленьня.
У рамках конкурснай часткі будуць паказаныя 27 кінафільмаў, прагучаць таксама 15 радыёперадач. Агулам на конкурс прыйшла рэкордная колькасьць заявак – ажно 60 фільмаў. Арганізатары вельмі радыя вялікай колькасьці маладых людзей, якія едуць у Гдыню са сваімі аматарскімі фільмамі, – кажа кінамастак і стваральнік фэстывалю Аркадыюш Галэмбеўскі (Arkadiusz Gołębiewski).
А.Галэмбеўскі: Гімназісты й ліцэісты ў сваёй кінавытворчасьці расказваюць пра сваіх дзядоў, прадзедаў, на якіх дагэтуль ніхто ніколі не зьвяртаў увагі.
З думкай пра маладых удзельнікаў фэстывалю "Бунтаўшчыкі, Нязломныя, Ізгоі" арганізатары падрыхтавалі майстар-клясы са знакамітымі прафэсіяналамі.
Гэты фэстываль зьяўляецца сацыялягічным фэномэнам. На мерапрыемстве сустракаюцца гледачы, гісторыкі й сьведкі падзей – людзі розных пакаленьняў, – падкрэсьлівае намесьнік дырэктара й стваральнік Музэя Варшаўскага паўстаньня Павал Укельскі.
П.Укельскі: Сярод наймалодшых бачна, што ў іх пашыраецца захапленьне гісторыяй. І гэта іх аб’ядноўвае са сьведкамі гістарычных падзей.
На VIII Фэстывалі «Бунтаўшчыкі, Нязломныя, Ізгоі» у Гдыні ўпершыню пройдзе тэатральны конкурс і адбудуцца шматлікія канцэрты.
Мерапрыемства працягнецца да 1 кастрычніка. Ганаровым патронам культурнага форуму зьяўляецца прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
яс