Logo Polskiego Radia
Print

Польшча робіць стаўку на дарожную інфраструктуру

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 24.01.2017 17:11
Сёлета ў Польшчы прыбудзе каля 400 км аўтамагістраляў і хуткасных дарогаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

У 2017 годзе ў Польшчы будзе здадзена ў эксплёатацыю значна больш новых адрэзкаў аўтамагістраляў і хуткасных дарогаў, чым летась. Калі ў 2016 годзе былі здадзеныя 124 км гэткіх дарогаў, то ў 2017 годзе іх будзе ў тры разы больш, то бок амаль 400 км.

Цягам бліжэйшых тыдняў павінны быць вырашаныя тэндэры, якія маюць ключавое значэньне для агульнай сыстэмы дарогаў у Польшчы. У тым ліку ўчастак аўтамагістралі А1 паміж Тушынам (Tuszyn) і Чэнстаховай(Częstochowa), адрэзак хуткаснай трасы S3 „Болькаў –Любаўка” (Bolków-Lubawka), будаўніцтва якога завершыць шлях са Шчэціна да мяжы з Чэхіяй.

Заплянаваны таксама тэндэр на будаўніцтва часткі дарогі S61 ад Астрові Мазавецкай(Ostrów Mazowiecka) да Шчучына. Гэта апошні адрэзак трасы Via Baltica.

У цэлым сёлета на будаўніцтва дарожнай інфраструктуры польскія ўлады плянуюць выдаткаваць больш за 4 мільярды 800 мільёнаў эўра.

Сёлета першыя адрэзкі новых аўтамагістраляў і дарогаў хуткага руху ў Польшчы павінны быць здадзеныя ў красавіку. Гаворка ідзе, між іншым, пра 12-кілямэтровы адрэзак дарогі S3, то бок кальцавой гораду Гожаў Вялікапольскі (Gorzów Wielkopolski).

Другім будзе больш чым 13-кілямэтровы адрэзак кальцавой Велюня (Wieluń), то бок часткі агульнанацыянальнай дарогі 74.

Аднак найбольш падоўжаная будзе хуткасная дарога S7, то бок адна з ключавых трасаў у напрамку поўнач-поўдзень. Яшчэ да вакацыяў будуць здадзеныя ў эксплёатацыю шэсьць адрэзкаў, агульнай даўжынёй больш за 80 кілямэтраў.

У другой палове году плянуецца заканчэньне будаўніцтва чарговых адрэзкаў хуткасных дарогаў S3 і S5, а таксама важнага адрэзка S7, які праходзіць праз Кракаў. Апрача таго будуць здадзеныя адрэзкі трасы S8, то бок кальцавыя Інаўроцлава (Inowrocław), Острава Вялікапольскага (Ostrów Wielkopolski), Яроціна(Jarocin), Нысы (Nysa), Касьцежыны (Kościerzyna) і Скавіны (Skawina).

Да канца 2018 году будзе гатовае спалучэньне Шчэціна й Легніцы (Legnica), а экспрэсная дарога S7 павінна спалучыць узьбярэжжа з мяжой Вармінска-Мазурскага ваяводзтва. У 2019 годзе завершыцца будаўніцтва дарогі S5, якая спалучае Ўроцлаў і Познань і далей вядзе ў Грудзёндз (Grudziądz).

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт