Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве сустрэліся інаватары Вышаградзкай групы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 28.03.2017 16:58
Цэнтральная Эўропа мае патэнцыял, каб стаць адным з эўрапейскіх цэнтраў інавацый.
Photo: PAP/Radek Pietruszka

Стартапы з краін Вышаградзкай групы сустрэліся ў Варшаве. У польскую сталіцу на Кангрэс інаватараў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы прыехалі таксама няўрадавыя арганізацыі, палітыкі, эканамісты, прадстаўнікі буйных канцэрнаў.

Сярод запрошаных гасьцей праф. Марʼяна Мазукато (Mariana Mazzucato), аўтарка кнігі «Прадпрымальніцкая дзяржава», а таксама генэральны дырэктар YouTube Сюзан Войціцкі (Susane Wojcicki).

На кангрэсе быў прадстаўлены даклад аб стане інавацыйнай дзейнасьці ў рэгіёне. Ён паказвае, што Цэнтральная Эўропа мае патэнцыял, каб стаць адным з эўрапейскіх цэнтраў інавацый. Аднак гэтыя магчымасьці не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца.

Старшыня Польскага фонду разьвіцьця Павал Борыс лічыць, што краіны Вышаградзкай групы ў пэрспэктыве 15 гадоў маюць шанцы на інавацыйны скачок, які акажа станоўчы ўплыў на гаспадаркі краін цэнтральнай Эўропы і павысіць іх канкурэнтаздольнасьць. У прыватнасьці, важнае стварэньне рэгіянальнай галіновай спэцыялізацыі.

Намесьнік міністра разьвіцьця Ядвіга Эмілевіч адзначыла, што ў рамках Міжнароднага Вышаградзкага фонду будзе запушчана лінія падтрымкі навукова-дасьледчых і канструктарскіх праектаў.

Я. Эмілевіч: Мы сёньня заяўляем пра стварэньне такой лініі ў рамках існуючага бюджэту, але напэўна прэм’ер-міністры будуць абмяркоўваць пытаньне павелічэньня бюджэту, каб сродкаў было больш з наступнага году.

На кангрэсе інаватараў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы намесьнік прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што ў будучыні неабходна абкласьці падаткам працу робатаў.

Замена людзей машынамі патрабуе перабудаваньня эканомікі. Паводле слоў Маравецкага, ня можа быць так, што толькі ўладальнікі і канструктары робатаў атрымаюць карысьць ад іх працы. Віцэ-прэм’ер дадаў, што неабходна памалу рыхтаваць грамадзтва да эпохі робатаў.

Арганізатарамі Кангрэса зьяўляюцца Польскі Фонд разьвіцьця і Польскае агенцтва па разьвіцьці прадпрымальніцтва.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт