Logo Polskiego Radia
Print

Дыплёмы для фірмаў з чалавечым тварам

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.04.2017 16:40
Асноўнай мэтай конкурсу зьяўляецца прасоўваньне кампаній, якія робяць сацыяльна адказны бізнэс.

54 пераможцаў конкурсу «Firma Dobrze Widziana» (у свабодным перакладзе «Фірма з чалавечым тварам») атрымалі спэцыяльныя дыплёмы ў сядзібе Business Center Club.

«Асноўнай мэтай конкурсу зьяўляецца прасоўваньне кампаній, якія робяць сацыяльна адказны бізнэс, а людзі, якія іх ствараюць, у сваёй дзейнасьці шукаюць больш глыбокі сэнс», – сказаў прэзыдэнт BCC Марэк Галішэўскі (Marek Goliszewski).

Адна з адзначаных кампаній - гэта нямецкае лягістычнае прадпрыемства Dachser.

Як падкрэсьлівае кіраўнік філіяла ў Варшаве Анна Тшціньска –Сьлівіньска (Anna Trzcińska-Śliwińska), кампанія ня толькі клапоціцца аб сваіх супрацоўніках, але і заахвочвае іх рабіць дабро для навакольнага асяродзьдзя і для грамадзкасьці.

Анна Тшціньска –Сьлівіньска: Мы дапамагаем прадлёнцы ў падваршаўскім мястэчку Прушкаў (Pruszków). Гэта прадлёнка для дзяцей з праблемных сем’яў. Пад нашым наглядам таксама прытулак для сабак і катоў. Падтрымліваем таксама акцыю сьвяточных падарункаў для людзей у патрэбе «Высакародны падарунак» («Szlachetna paczka»).

Адзнаку добрай, справядлівай, высакароднай фірмы атрымала таксама кампанія Doosan Babcock Energy Polska. Дыплём прыняў дырэктар кампаніі Войцех Томас (Wojciech Thomas).

В.Томас: Усе дзеяньні фірмы ўлічваюць ахову навакольнага асяродзьдзя. Мы ў асноўным дзейнічаем у энэргетычным сэктары. Мы дбаем пра сэгрэгацыю адходаў, пра ашчаднасьць паліва.

Сярод узнагароджаных таксама Фінансавая лябараторыя (Pracownia Finansowa). Намесьнік старшыні Томаш Вісьнеўскі падкрэсьліў, што фірма інвэстую ад імя інвэстараў, але адначасова імкнецца дапамагчы чалавеку ў патрэбе. Таму фірма ўдзельнічае ў акцыі «Высакародны падарунак» і арганізоўвае іншыя дабрачынныя кампаніі.

Т.Вісьнеўскі: Інвэстыцыі, якія мы робім, ня толькі памнажаюць капітал інвэстараў. Мы далучаемся да такіх праектаў як ветравыя электрастанцыі, дбаем пра навакольнае асяродзьдзе, дапамагаем людзям у патрэбе ў нашай ваколіцы. Апошнім часам мы разам з працаўнікамі зрабілі падарунак для пэўнай асобы: падарылі пральную машыну, запас прадуктаў харчаваньня, вопратку.

Конкурс "Фірма з чалавечым тварам» ладзіўся ўжо восьмы па ліку раз і ён праходзіць пад патранатам Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт