Logo Polskiego Radia
Print

Варшава просіць ЗША выдаць украінскага нацыста

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 09.05.2017 14:13
98-гадовага Мішэля Каркоця абвінавачваюць у злачынствах супраць польскага народу.
Украінскі легіён самаабароныУкраінскі легіён самаабароныFoto: Public domain/Wikimedia Commons

Польшча просіць ЗША выдаць украінскага нацыста, якога абвінавачваюць у злачынствах супраць польскага народу. 98-гадовы Мішэль Каркоць з 1949 году жыве ў ЗША.

Камісія па расьсьледаваньні злачынстваў супраць польскага народу абвінавачвае Каркоця ў тым, што будучы камандзірам роты Ўкраінскага легіёну самаабароны ў ліпені 1944 году ён правёў пацыфікацыю вёскі Хланюв на Любліншчыне. Там загінула 44 асобы, у тым ліку жанчыны і дзеці. Пазьней рота Каркоця разам з немцамі падаўляла Варшаўскае паўстаньне.

Мішэль Каркоць больш за 60 гадоў жыве ў Мінеапалісе, дзе быў дзеячам украінскай супольнасьці. Яго сын абвяргае абвінавачаньні ў адрас бацькі і пераконвае, што яны сфальсыфікаваныя. Пра цёмнае мінулае Каркоця стала вядома ў 2013 годзе ў выніку публікацыі агенцтва Associated Press. Асобу ўкраінца пацьвердзіла польская пракуратура, якая знайшла сьведкаў яго злачынстваў.

У дадзены момант не вядома, калі польская пракуратура атрымае адказ ад амэрыканцаў. Прэс-служба амэрыканскага Дэпартамэнту юстыцыі сказала Польскаму радыё, што ўлады ЗША не камэнтуюць спраў, зьвязаных з экстрадыцыяй.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт