Logo Polskiego Radia
Print

Mercedes-Benz будзе вырабляць у Польшчы рухавікі новага пакаленьня

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.06.2017 15:27
  • 20.06.17_пульс эканомікі.mp3
Завод паўстае на поўдні Польшчы (Ніжняя Сілезія) у Явары.
pixabay.com

Пачалося будаўніцтва завода Mercedes-Benz у Явары.

Завод паўстае на поўдні Польшчы (Ніжняя Сілезія) на тэрыторыі Валбжыскай Спэцыяльнай эканамічнай зоны «Invest Park». Закладка першага каменя завода адбылася ў панядзелак з удзелам віцэ-прэм’ера Матэвуша Маравецкага.

Прэзыдэнт Польскай асацыяцыі аўтамабільнай прамысловасьці Якуб Фарысь адзначыў, што Польшча цяпер займае вельмі важнае месца на аўтамабільнай мапе Эўропы. Ён падкрэсьліў, што любыя новыя інвэстыцыі ў аўтамабільнай галіне ў краіне вельмі радуюць.

Якуб Фарысь: Гэта таму, што дадзеная галіна зьяўляецца адной з найбольш інавацыйных. Цікава адзначыць, што толькі на эўрапейскія дасьледаваньні й разьвіцьцё выдаткоўваецца больш за 500 мільярдаў. Таму кожная буйная інвэстыцыя ў Польшчы, акрамя новых месцаў працы, прыносіць у краіну новыя тэхналёгіі.

Нямецкі канцэрн «Daimler AG» у будаўніцтва завода ўкладзе каля 500 млн эўра. Згодна з плянамі, будаўніцтва будзе завершана ў 2019 годзе, а ў 2020 завод выйдзе на поўную вытворчую магутнасьць, вырабляючы некалькі сотняў тысяч рухавікоў у год. На заводзе Mercedes-Benz у Явары будзе працаваць каля 500 чалавек. Прыкладна 20 адсоткаў ад гэтага ліку забясьпечаць інжынеры і супрацоўнікі з вышэйшай адукацыяй.

Якуб Фарысь падкрэсьлівае, што кожная новая аўтамабільная інвэстыцыя нясе з сабой рост занятасьці і павелічэньне колькасьці людзей, якія працуюць у сумежных галінах.

Якуб Фарысь: Вельмі важна, што аўтамабільныя заводы разьмяшчаецца на поўдні Польшчы. Такім чынам яны пастаўляць запчасткі ў Чэхію, у Славакію або ў Вугоршчыну, а таксама на рынкі здаўна аўтамабільныя, такія як Нямеччына, Францыя, Італія.

Завод у Явары будзе выпускаць сучасныя бэнзінавыя і дызэльныя рухавікі, прызначаныя для ўсіх мадэляў, ад самага маленькага А-кляса да лімузіна С-кляса. Гэта будуць рухавікі новага пакаленьня, якія адпавядаюць эўрапейскім стандартам выкідаў.

Гэта першы завод па вытворчасьці Mercedes-Benz у Польшчы.

Эфірны выпуск перадачы "Пульс польскай эканомікі" ў далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт