Logo Polskiego Radia
Print

«Каб Польшча была ў бясьпецы, трэба інвэставаць ва Ўкраіну»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.08.2017 14:02
Эўразьвяз павінен зрабіць так, каб Украіна паўтарыла эканамічны цуд Польшчы – заявіў вядомы амэрыканскі экспэрт-міжнароднік Параг Хана.
Параг Хана. Кадр з відэаінтэрвію для інфармагенцтва PAPПараг Хана. Кадр з відэаінтэрвію для інфармагенцтва PAPPAP Wideo

Бясьпека Польшчы неразрыўна зьвязаная з бясьпекай Украіны. Таму, каб стрымаць агрэсію Расеі, Польшчы й Эўразьвязу неабходна інвэставаць ва Ўкраіну. Пра гэта ў інтэрвію польскаму інфармагенцтву PAP заявіў вядомы амэрыканскі экспэрт у галіне міжнародных адносінаў, футуроляг і аўтар некалькіх бэстсэлераў Параг Хана (Parag Khanna).

Каб пасьля анэксіі Крыму расейская агрэсія не пайшла далей, Эўразьвяз павінен зрабіць з Украіны «другую Польшчу» – заявіў Параг Хана.

«Украіна мае адукаванае маладое насельніцтва, індустрыяльную эканоміку, таму яе можна мадэрнізаваць. Гэта ня значыць, што Ўкраіна імгненна далучыцца да Эўразьвязу і ўступіць у NATO. Гэта вельмі складана. Аднак мы павінныя больш укладаць ва Ўкраіну. Вырашэньне расейскай праблемы заключаецца ў тым, каб больш інвэставаць ва Ўкраіну», – падкрэсьліў амэрыканскі экспэрт.

На думку Парага Ханы, у стасунку да Расеі Эўразьвяз павінен праводзіць больш цьвёрдую палітыку, але адначасова старацца мадэрнізаваць гэтую краіну. Эўрапейскія дзяржавы павінныя супраціўляцца спробам Крамля манапалізаваць энэргетычны рынак ЭЗ. Пры гэтым краіны Эўразьвязу павінныя старацца мадэрнізаваць расейскую эканоміку і дэмакратызаваць палітычную сыстэму. Зрабіць гэта можна, набываючы расейскія фірмы й змагаючыся з карупцыяй. «Гэта прынясе плён, але зойме дастаткова многа часу», – лічыць Параг Хана.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт