Logo Polskiego Radia
Print

Распачалася дабрачынная акцыя "Вігілійная дапамога дзецям"

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 03.12.2017 08:07
  • Вігілійная дапамога дзецям.mp3
Сымбалем кампаніі зьяўляецца сьвечка, якую вернікі ставяць на вігілійным стале.
PAP/Marcin Obara

3 сьнежня, у першую нядзелю Адвэнту, ужо 24 раз распачынаецца акцыя "Вігілійная дапамога дзецям". Сёлета акцыя праходзіць пад лёзунгам "Міласэрнасьць ёсьць адна". Сымбалем кампаніі зьяўляецца сьвечка, якую вернікі ставяць на вігілійным стале. Яе полымя зьяўляецца знакам салідарнасьці з самымі беднымі ў Польшчы і сьвеце.

Даход ад продажу сьвечак будзе прызначаны на круглагоднае харчаваньне дзяцей, лячэньне, рэабілітацыю, адукацыйную дапамогу і летні адпачынак – кажа дырэктар каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Caritas Polska ксёндз Мацей Іжыцкі.

М. Іжыцкі: Усе сабраныя сродкі перадаюцца на патрэбы дзяцей. У нашых прадлёнках, цэнтрах ёсьць тысячы дзяцей, якім мы аказваем дапамогу амаль штодзённа. Мы таксама хочам, каб на канікулах яны маглі паехаць на адпачынак і паглядзець нешта новае.

Caritas Polska падрыхтавала 3 мільёны сьвечак. "Вігілійная дапамога дзецям" 18 раз запар мае экумэнічны характар. Разам з Caritas у акцыі прымаюць удзел дабрачынныя арганізацыі Эвангельска-аўгсбурскага і Эвангельска-рэфармацыйнага касьцёлаў і Праваслаўнай царквы.

"Мы робім гэта адпаведна з сёлетнім пасылам: "Міласэрнасьць ёсьць адна", – тлумачыць Ванда Фальк з Эвангельска-аўгсбурскага касьцёла.

В. Фальк: Беднасьць і галеча ня маюць канфэсійных межаў. Нельга ў людзей пытацца, з якога яны касьцёла, і ад гэтага ўзалежніваць дапамогу. Так нельга. Самым важным зьяўляецца чалавек, нягледзячы на канфэсію і сацыяльны статус.

Кожны год дзесяць грошаў ад кожнай сьвечкі перадаецца дзецям за мяжой. Сёлета гэта будзе падтрымка дзяцей з Паўднёвай Амэрыкі.

У акцыю таксама далучылася праваслаўная царква. Сьвечкі ў сваёй радамскай царкве прадае айцец Тамаш Рубчэўскі. Даход ад продажу будзе прысьвечаны на сьвяточныя падарункі дзецям.

Т. Рубчэўскі: Гэта дзеці розных нацыянальнасьцяў. Ёсьць дзеці з-за ўсходняй мяжы Польшчы, якія ў выніку палітычнай сытуацыі спрабуюць знайсьці сваё месца ў новай рэчаіснасьці. Гэта дзеці з усходу Ўкраіны. Такі падарунак з цукеркамі падымае ім настрой.

Сьвечкі ў рамках акцыі "Вігілійная дапамога дзецям" распаўсюджваюцца таксама ў беларускіх касьцёлах.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт