Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы пачынаецца дабрачынны канцэртны тур

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.12.2017 14:27
Польскія і замежныя калядкі можна будзе пачуць падчас канцэртаў «Віфлеем у Польшчы».
Foto: www.facebook.com/betlejemwpolsce

У гэтым годзе ў канцэртнай праграме, падчас якіх вядомыя артысты сьпяваюць разам з гледачамі, прагучаць папулярныя польскія калядкі, а таксам песьні з Францыі, Нямеччыны, Чэхіі, Вугоршчыны і нават з Амэрыкі ды Ізраіля.

Кампазытар, выканаўца і мастацкі кіраўнік канцэртаў «Віфлеем у Польшчы» Матэвуш Атрэмба падрыхтаваў для слухачоў сюрпрыз – старажытнагрэцкую калядку з Кападокіі. Музык кажа, што ідэя канцэрта – паказаць традыцыі многіх народаў. Некаторыя песьні будуць гучаць на польскай мове ўпершыню. "Такім чынам мы ратуем гэтыя творы ад забыцьця і адраджаем звычай сьпяваць разам калядкі", – сказаў Матэвуш Атрэмба.

Калядныя канцэрты пачнуцца 29 сьнежня ў Катавіцэ. Тур складаецца з 12 выступаў у розных гарадах Польшчы, у тым ліку ў Варшаве, Познані, Кракаве і Гдыні. "Кожны канцэрт – гэта амаль тры гадзіны сапраўдных, добрых эмоцый, атмасфэры яднаньня", – кажа арганізатар канцэртаў Мечыслаў Шчэсьняк.

На канцэртах прагучаць старыя габрэйскія, пратэстанцкія, праваслаўныя і каталіцкія калядкі. Як зазначаюць арганізатары, гэтыя традыцыі прысутнічалі на польскіх землях на працягу многіх стагодзьдзяў. У часы напружанасьці і падзелаў у грамадзтве менавіта творчасьць павінна абʼядноўваць людзей.

Агульны даход ад канцэртаў будзе ахвяраваны на дапамогу патрабуючым, у рамках сацыяльнай кампаніі «Накарміць галодных».

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт